Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне партыі вылучылі першых кандыдатаў у прэзыдэнты. Што яны казалі пра Беларусь


Партыі «Справедливість» ды «Самопоміч» сёньня на зьездах вылучылі сваіх лідэраў кандыдатамі на прэзыдэнта — першую прадстаўляе былы амбасадар Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка, а другую — мэр Львова Андрэй Садавы.

Сёньня яны перададуць пакеты дакумэнтаў у Цэнтральную выбарчую камісію для афіцыйнай рэгістрацыі, і адразу пасьля гэтага змогуць распачаць сваю агітацыйную кампанію.

Паводле дасьледаваньняў найбольш аўтарытэтнай ва Ўкраіне сацыялягічнай лябараторыі фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», абодва вылучэнцы пакуль што ня ёсьць фаварытамі прэзыдэнцкай гонкі — аб намеры прагаласаваць за Валянціна Налівайчанку заявілі менш аднаго адсотку выбарцаў, а за Андрэя Садавога — 2,4%.

Што згадвалі пра Беларусь гэтыя прэтэндэнты на пасаду кіраўніка ўкраінскай дзяржавы?

«Беларусь захапіла ўкраінскі рынак»

Андрэй Садавы ў сваёй прамове сфакусаваўся на эканамічнай сытуацыі ва Ўкраіне. Ён не згадваў пра Менск як пляцоўку па разьвязаньні сытуацыі на Данбасе, і ўвогуле пра магчымыя шляхі дасягненьня міру ва Ўкраіне.

У той жа час мэр Львова зьвярнуў увагу на тое, што Беларусь «захапіла ўкраінскі рынак» грамадзкага транспарту і будаўніцтва дарог. Паводле яго, гэтаму спрыяла дзяржаўная падтрымка ўласных вытворцаў на ўзроўні беларускага ўраду і такі досьвед можа быць прыкладам для Ўкраіны.

Андрэй Садавы
Андрэй Садавы

​«За ўвесь час, каб будаваць і рамантаваць магістраль Кіеў-Адэса, было выкарыстана 1,5 мільярды даляраў. Калі б мы замовілі гэта немцам, яны б пабудавалі "бэтонку" за 350 (мільёнаў) і далі б яшчэ 30 гадоў гарантыі і абслугоўвалі б яе. А чаму мы ўвогуле не будуем у краіне бэтонныя дарогі? Гэта ж таньней, сыравіна наша і абслугоўваньне прасьцейшае. А можа таму, што нам, камусь у краіне, больш выгадна набываць бітум у Беларусі? Беларусь у нас цяпер ёсьць лідэрам па вытворчасьці бітуму. Ці гэта не пытаньне нацыянальнай бясьпекі? Калі мы можам лякалізаваць вытворчасьць гэтай прадукцыі тут, то чаму мы гэтага ня робім?», — сказаў Андрэй Садавы.

«Украіна патрабуе каля 20 тысяч адзінак грамадзкага транспарту — аўтобусы, трамваі, тралейбусы, электробусы. А хто сёньня захоплівае рынак ва Ўкраіне? Беларусы, палякі пачынаюць рабіць трамваі для Кіева, кітайцы, туркі. А мы што — ня можам гэты транспарт рабіць ва Ўкраіне? Але беларускі транспарт таньнейшы, бо ў Беларусі працуе экспартна-крэдытнае агенцтва, а вытворца мае нулявыя стаўкі крэдытаваньня. У нас гэтага няма».

«Менская пляцоўка не працуе»

Валянцін Налівайчанка заўсёды называў Беларусь «прыродным хаўрусьнікам Украіны». Ён перакананы, што Украіна, Беларусь і Польшча маюць супольна стварыць «ланцуг або пояс бясьпекі і свабоднага мірнага жыцьця, суіснаваньня хай нават розных дзяржаўных ладаў і поглядаў». Разам з тым, ён неаднаразова адзначаў, што менская пляцоўка прадэманстравала сваю неэфэктыўнасьць у разьвязаньні сытуацыі на Данбасе.

Валянцін Налівайчанка
Валянцін Налівайчанка

Менавіта гэты падыход лідар партыі «Справедливість» увасобіў і ў сваёй перадвыбарнай праграме. Паводле яго, аднаўленьне міру, дэакупацыя Данбасу і Крыму, а таксама барацьба з карупцыяю ёсьць трыма галоўнымі выклікамі для Ўкраіны. Але, падобна, што ў гэтым працэсе Валянцін Налівайчанка ня бачыць Беларусі — ён падрыхтаваў новую міжнародную дамову і плянуе яе прапанаваць Эўразьвязу і ЗША

«Для мяне, як будучага прэзыдэнта, вельмі важна яшчэ да выбараў наведаць Вашынгтон і Брусэль, і абмеркаваць зь міжнароднымі партнэрамі, каб новая дзеяздольная міжнародная дамовапа дэакупацыі была падпісаная. Бо не працуюць ні менскі фармат, ні нармандзкі фармат, я ўжо не кажу аб Будапэшцкім мэмарандуме... Патрэбнае новае міжнароднае пагадненьне, і прымус Расеі да вывядзеньня сваіх войскаў і спэцслужб з часова акупаваных тэрыторый», — заявіў Валянцін Налівайчанка

Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбудуцца 31 сакавіка. У выпадку, калі ніводны кандыдат не атрымае больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні, будзе прызначаны другі тур галасаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG