Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад мяне патрабавалі сэксуальных паслуг». Упершыню ў Грузіі дзяўчына выйграла суд супраць працадаўцы


Тація Самхарадзэ
Тація Самхарадзэ

Журналістка Тація Самхарадзэ — першая ў Грузіі жанчына, каго суд прызнаў ахвярай сэксуальнага дамаганьня.

Гісторыя пачалася ўвесну 2016 году. Тація працавала на адным з папулярных грузінскіх тэлеканалаў і публічна абвінаваціла свайго працадаўцу, вядомага журналіста Шалву Рамішвілі, у неаднаразовых дамаганьнях.

«Я стала ахвярай такой формы сэксуальнага дамаганьня, як „паслуга за паслугу“. Ад мяне патрабавалі аказаньня сэксуальных паслуг пэўнага характару ўзамен на кар’ерны рост, а дакладней — узамен на тое, каб мая кар’ера ня скончылася. Зразумела, я сышла з працы», — распавяла журналістка.

Дзяўчына падала на Рамішвілі ў суд і праз два гады выйграла справу. Дапамаглі зробленыя ёю аўдыёзапісы гутарак з Рамішвілі, якія судзьдзя прызнаў законным доказам яе рацыі. Рамішвілі прысудзілі штраф у 2 тысячы лары (каля $750). Ён абскардзіў прысуд у вышэйшай інстанцыі, але зноў прайграў.

Тація Самхарадзе кажа, што не спадзявалася выйграць у судзе, паколькі тэма сэксуальнага гвалту і дамаганьняў у Грузіі зачыненая.

«З кансэрватыўнай часткай нашага грамадзтва складана гаварыць з пазыцыі ахвяры. Многія жанчыны аддаюць перавагу маўчаньню, — кажа журналістка. — Непрыманьне грамадзтвам гэтай тэмы аказалася значна мацнейшым, чым я ўяўляла. У нейкі пэрыяд я нават стала ахвярай кібэрбулінгу ў інтэрнэце».

Парлямэнт Грузіі вясной рыхтуецца разгледзець законапраект, у якім прапісана і растлумачана паняцьце сэксуальнага дамаганьня, а таксама вызначаныя формы пакараньня.

Згаданы законапраект вызначае сэксуальнае дамаганьне як «непажаданае дзеяньне сэксуальнага характару з мэтай абразіць годнасьць чалавека, якое таксама стварае для яго застрашальную, варожую, прыніжальную, абразьлівую атмасфэру». Пад гэтае вызначэньне могуць патрапіць, напрыклад, і «фразы, выказваньні і звароты сэксуальнага характару, дэманстрацыя геніталій, таксама любыя фізычныя паводзіны сэксуальнага характару», гаворыцца ў законапраекце. Менавіта расплывістая фармулёўка можа стаць адной з галоўных прычын для спрэчак у парлямэнце.

Калі законапраект прымуць, то дамаганьне будзе карацца штрафам до 1000 лары (амаль $ 400).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG