Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пачала набываць расейскую нафту з улікам падатковага манэўру


Нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота

Закуп расейскай нафты на беларускія НПЗ ажыцьцяўляецца на новых умовах — з улікам падаражэньня праз падатковы манэўр, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у канцэрне «Белнафтахім».

«Пастаўкі нафты адбываюцца ў штатным рэжыме: заводы закантрактаваныя, цана сфармаваная з улікам падатковага манэўру», — удакладніў прадстаўнік канцэрну.

Згодна зь беларуска-расейскім балянсам паставак энэргарэсурсаў, сёлета беларускія НПЗ плянуюць закупіць у Расеі 18 млн тон нафты, што адпавядае ўзроўню папярэдняга году.

У другой палове сьнежня 2018-га Менск і Масква правялі перамовы наконт магчымай кампэнсацыі беларускаму боку. У выніку так званага падатковага манэўру цана нафты для Беларусі будзе штогод узрастаць прапарцыйна памяншэньню расейскага экспартнага мыта. Паводле ацэнкі беларускіх экспэртаў, дадатковыя выдаткі за 2019–2024 гады перавысяць 10 млрд даляраў, у тым ліку каля 400 млн даляраў сёлета.

Апошнія перамовы кіраўнікі Беларусі і Расеі правялі 29 сьнежня ў Маскве, вынікі дагэтуль невядомыя.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG