Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін Беларусі: Расея спыніла перамовы аб кампэнсацыі падатковага манэўру яшчэ ў кастрычніку  


Здабыча нафты, ілюстрацыйнае фота

Перамовы аб падатковым манэўры скончаныя з ініцыятывы расейскага боку яшчэ ў верасьні-кастрычніку, усе чакаюць сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі. Пра гэта ў кулюарах Палаты прадстаўнікоў журналістам паведаміў намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко.

«Наша пазыцыя зыходзіць з таго, што вызначаныя базавыя ўмовы пастаўкі і перапрацоўкі нафты пры падпісаньні дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, — цытуе чыноўніка Tut.by. — Ёсьць дзьве ўмовы: залічэньне ў бюджэт Беларусі вывазнога мыта ад нафтапрадуктаў у памеры да 1,5 млрд даляраў і бяспошлінная пастаўка нафты ў памеры 24 млн тон. Падатковы манэўр Расеі прадугледжвае штогод на працягу 6 гадоў зьніжэньне ставак вывазнога мыта на 5 адсоткавых пунктаў — аж да поўнай страты гэтай крыніцы ў 2025 годзе».

З улікам фармаваньня цаны на нафту паводле формулы «сусьветная цана мінус мыта» кошт нафты для Беларусі будзе расьці, адзначыў намесьнік міністра.

На яго перакананьне, умовы, вызначаныя пры стварэньні ЭАЭС, пагаршацца не павінны, тады кампэнсацыя вызначаецца проста: розьніца вывазнога мыта, памножаная на аб’ём нафты. Гэта памер кампэнсацыі. Пры цане барэля нафты блізу 70 даляраў — больш за 300 млн даляраў за год. Прычым сума нарастае — кожны год па 300 млн даляраў.

Усяго з улікам стратаў нафтаперапрацоўчай галіны беларускія ўлады ацэньваюць страты больш як у 10 млрд даляраў за ўвесь пэрыяд.
Паводле Дзьмітрыя Кійко, перамовы на ўзроўні мінфінаў, якія пачаліся яшчэ ў чэрвені, спыненыя з ініцыятывы расейскага боку. Цяпер усе спадзяваньні — на сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Дарэчы, напярэдадні кіраўнік Беларусі заклікаў беларусаў «не хвалявацца з прычыны падатковага манэўру».

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG