Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовілася вызваліць украінскіх маракоў


Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў (справа) і прадстаўнік ведамства Марыя Захарава

Масква назвала «непрымальнымі» патрабаваньні вызваліць ўкраінскіх маракоў, затрыманых каля берагоў анэксаванага Крыму.

З такім заклікам напярэдадні выступілі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Яны запатрабавалі неадкладна вызваліць маракоў і зрабіць гэта без выстаўленьня нейкіх умоў.

Міністэрства замежных спраў Расеі ў адказ на гэта абвінаваціла краіны Захаду ў «падвойных стандартах», а Ўкраіну — у парушэньні правоў чалавека. У расейскім МЗС нагадалі пра затрыманьне ўкраінскімі памежнікамі некалькіх расейскіх суднаў, а таксама пра арышт кіраўніка «РІА Навіны Украіна» Кірыла Вышынскага.

Акрамя гэтага, МЗС Расеі заявіла пра няўдалыя спробы Кіева расьсьледаваць забойства падчас акцый пратэсту на Майдане. Таксама расейскае зьнешнепалітычнае ведамства абвінаваціла ўкраінскія ўлады ва ўмяшаньні ў рэлігійнае жыцьцё краіны з прычыны прадстаўленьня Ўкраінскай праваслаўнай царкве незалежнасьці ад Масквы, а таксама зьвярнула ўвагу на нізкі рэйтынг прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

«Ідзе наступ на правы грамадзян Украіны многіх нацыянальнасьцяў, перш за ўсё расейцаў і расейскамоўных, забараняецца выкарыстаньне іншых моў, акрамя украінскай, ўводзіцца цэнзура, шырацца забароны на распаўсюджваньне любой інфармацыі, хоць неяк адрознай ад меркаваньня афіцыёзу», — сьцьвярджаюць у Міністэрстве замежных спраў Расеі.

Кіеў гэтыя заявы пакуль не пракамэнтаваў.

ФСБ у канцы лістапада з ужываньнем зброі затрымала каля берагоў анэксаванага Крыму 24 ўкраінскія вайсковыя маракі. Іх абвінавацілі ў парушэньні дзяржаўнай мяжы Расеі і зьмясьцілі ў маскоўскую турму. Самі маракі абвясьцілі сябе ваеннапалоннымі. Кіеў сьцьвярджае, што іх затрымалі ў нэўтральных водах.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG