Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакеры выявілі створаную ФСБ сыстэму для выяўленьня пратэстаў


Хакеры з групы Digital Revolution сьцьвярджаюць, што ўзламалі сэрвэр навукова-дасьледчага інстытуту «Квант», які належыць ФСБ Расеі.

Апублікаваныя імі дакумэнты апісваюць распрацоўку сыстэмы маніторынгу сацсетак, асноўная мэта якой — выяўленьне і аналіз пратэстных настрояў. Такую сыстэму, сьцьвярджаюць у Digital Revolution, «Квант» у якасьці субпадрадчыка ўжо рэалізуе ў Казахстане. Па дадзеным рускай службы BBC, Міністэрства інфармацыі Казахстана вылучыла на гэта 4,3 мільёна долараў.

У якасьці доказаў узлому хакеры выклалі скрыншоты з назвамі тэчак і сьпісам адміністратараў на сэрвэры «Кванта». Акрамя таго, яны зьмянілі код афіцыйнага сайту арганізацыі: пры заходзе на яго на працягу некаторага часу зьяўляліся выявы сабак у балахонах — аднаго зь сымбаляў Digital Revolution. Цяпер сэрвэр «Кванта» адключаны разам з сайтам і карпаратыўная поштай.

Сыстэма маніторынгу грамадзкай думкі ў інтэрнэце, якая распрацоўваецца «Квантам», прапануе выкарыстоўваць саманавучальныя нэйронавыя сеткі для аўтаматычнага аналізу зьместу пастоў у самых папулярных сацсетках — «вКонтакте», Фэйсбуку, «Аднаклясьніках» і Інстаграме. У якасьці «стоп-слова» пры тэставаньні сыстэмы прыводзіцца прозьвішча расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

«Прыкладам выкарыстаньня клясычных маніпулятыўных мадэляў у арганізаваных кампаніях супраць канкрэтнага палітыка можа служыць кампанія, праводзімая апазыцыяй супраць Хуснуліна», — гаворыцца ў адным з дакумэнтаў, рассакрэчаных хакерамі. Гаворка, па ўсёй верагоднасьці, ідзе пра віцэ-мэра Масквы Марата Хуснуліна. Супрацоўнікі «Кванта» змаглі навучыць нейрасецткі аналізаваць пасты з такімі фразамі, як «варварства забудоўшчыкаў», «бязьмежжа», «пуцінска-сечынскім застой», і лёзунгамі кшталту «Хопіць хуснуліць Маскву». «Цяпер махавік дэманізацыі вобраза Хуснуліна раскручаны настолькі, што яму цяжка супрацьстаяць, — робяць выснову дасьледчыкі. — Любое выказваньне Хуснуліна пойдзе яму на шкоду».

Таксама з уцечкі вынікае, што «Квант» можа маніторыць супольнасьць «Путин уходи» у адной з сацыяльных сетак.

Закрыты інстытут «Квант», які базуецца ў маскоўскім раёне Хаўрыно, у 1970-я гады ствараў першыя савецкія ЭВМ, у 2008 годзе яго падпарадкавалі ФСБ. Па дадзеным WikiLeaks, НДІ быў адным з кліентаў італьянскай кампаніі Hacking Team. У 2012-2014 гадах «Квант» мог набыць у яе некалькі шпіёнскіх праграм, сярод якіх, па дадзеным Forbes, была «Аддаленая сыстэма кантролю», якая дазваляла адсочваць дзеяньні на зараджаных ёй прыладах, а менавіта рабіць здымкі з экрана, падлучацца да вэб-камэры і мікрафону, перахопліваць перапіску і паролі.

У 2018 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць «Кванта». Улады краіны лічаць, што НДІ мог быць датычны да хакерскіх нападаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG