Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: хакеры з Расеі ўзламалі сыстэмы галасаваньня ў 21 штаце


Дэпартамэнт унутранай бясьпекі ЗША паведаміў, што расейскія хакеры ўзламалі электронныя сыстэмы і сыстэмы галасаваньня ня менш чым у 21 амэрыканскім штаце падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў 2016 годзе.

Жанэт Манфра, вядучая супрацоўніца Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі, выступіла на слуханьнях у сэнацкім камітэце ў пытаньнях выведкі, падчас якіх асноўная ўвага была нададзеная высновам выведнай супольнасьці ЗША аб тым, што Расея праводзіла ўзлом кампутараў і маніпулявала грамадзкай думкай перад выбарамі 2016 году. Манфра паказала, што галасы, тым н менш, сфальсыфікаваныя не былі, а гэта тое, за чым сьледчыя ўраду ЗША назіраюць асабліва ўважліва.

Манфра адмовілася назваць дакладную колькасьць штатаў, якія зазналі кібэратакі, у адказ на пытаньне вядучага сэнатара-дэмакрата Марка Ўорнэра аб тым, у колькіх штатах хакеры выкралі інфармацыю пра дадзеныя выбаршчыкаў. Пытаньне аб маштабах пранікненьня Расеі ў амэрыканскія выбарчыя сыстэмы ў асобных штатах выклікалі глыбокую трывогу мясцовых і фэдэральных чыноўнікаў.

Гэта стала прычынай, паводле якой Дэпартамэнт унутранай бясьпекі ЗША ў студзені абвясьціў сыстэму галасаваньня «крытычнай інфраструктурай», даўшы фэдэральнаму ўраду больш магчымасьцяў умешвацца ў выбарчыя сыстэмы штатаў. Сэмюэл Лэйлс, выканаўца абавязкаў дырэктара кібэрпадразьдзяленьня Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі, заявіў, што чакае, што Расея «працягне праводзіць апэрацыі ўплыву» ў Злучаных Штатах.

XS
SM
MD
LG