Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час прыёму ў беларускіх паліклініках падоўжылі на 3–5 хвілінаў


Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

Міністэрства здароўя Беларусі прыняло пастанову аб павелічэньні нарматываў часу агляду пацыентаў. Ад 1 студзеня 2019 году зьменяцца нормы, прынятыя яшчэ ў 2007-м.

Новыя лічбы такія:

  • на першы прыём спэцыялістам, які абслугоўвае дзяцей і дарослых, было 15 хвілінаў, стала 20;
  • на тое самае, але лекарам агульнай практыкі, які абслугоўвае толькі дарослых, было 15 хвілінаў, стала 18;
  • на прафіляктычны агляд у вылучаныя дні ці гадзіны ў паліклініцы ці на выезьдзе спэцыялістам, які абслугоўвае дзяцей і дарослых, было 10 хвілінаў, стала 15;
  • На тое самае «даросламу» доктару агульнай практыкі было 10 хвілінаў, стала 13.

«Зьмена нормаў часу для лекара агульнай практыкі абумоўленая больш шырокім колам абавязкаў, а таксама больш шырокім узроўнем ведаў, уменьняў і навыкаў у параўнаньні з участковым тэрапэўтам», — піша Мінздароўя.

Перайменаваць усіх участковых ва «ўрачоў агульнай практыкі» ў Беларусі плянуецца ў 2020 годзе. Чакаецца, што да ўзроўню «ўрача агульнай практыкі» ўчастковыя давучацца, будуць мець навыкі ў блізкіх да сваёй спэцыяльнасьцях (нешта нескладанае з кардыялёгіі, нешта з нэўралёгіі і гэтак далей). Такія лекары ўжо працуюць у рэгіёнах краіны.

Павялічылі час прыёму, але ня зьменшылі колькасьць пацыентаў на доктара

Пры тым, што нормы па часе павялічыліся дзе на 20%, дзе на 33%, пацыентаў за апошні час ня стала значна меней, а мэдыцынскіх работнікаў — значна болей. Ды паступова становіцца больш дактароў.

Паводле Белстату, у 2007 годзе ў Беларусі было 47 тысячаў лекараў-спэцыялістаў, а ў 2017-м іх стала 54,8 тысячы — на 16,6% болей. Але колькасьць «сярэдніх мэдыцынскіх работнікаў» (такіх, якія цяпер «уваходзяць у каманду ўрача агульнай практыкі») вырасла за тыя ж 10 гадоў усяго на 6,8% — з 118,2 тысячы да 126,3 тысячы. А колькасьць бальнічных ложкаў на душу насельніцтва за той час зьменшылася на чвэрць — з 114,6 да 84,2. Насельніцтва краіны за той час зьменшылася на 0,77%.

Нейкіх указаў пра рэзкае павелічэньне колькасьці лекараў або «сярэдніх мэдыцынскіх работнікаў» пакуль не публікавалася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG