Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён зачапіўся за частку кратаў». У міліцыі патлумачылі, як затрыманы мог павесіцца ў машыне


Прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкаму Яўген Сачак у камэнтары карэспандэнту Свабоды адрэагаваў на некаторыя пытаньні, якія паўсталі ў аднавяскоўцаў 48-гадовага Сяргея Абрамовіча, знойдзенага 29 лістапада мёртвым у міліцэйскай машыне.

Як можна павесіцца на шнурку ў службовым аўтамабілі?

У міліцэйскай машыне ёсьць закратаваны адсек для перавозкі затрыманых. Паводле міліцыі, загінулы зачапіў шнурок за краты.

«Па выніках нашай праверкі адна з асноўных высноваў у тым, каб у гэтым адсеку зьмяніць канструкцыйныя асаблівасьці гэтага невялікага памяшканьня, каб выключыць такую магчымасьць зачапіцца нечым за яго. Гэтая магчымасьць не была выключана. Па нашым бачаньні сытуацыі, ён зачапіўся за частку кратаў. Па выніках нашай праверкі зроблена выснова — выключыць гэтую частку».

Паводле Сачака, пакуль затрыманага дастаўлялі ў РАУС, ён быў у статусе дастаўлянага.

«Таму ў яго не забіралі такія рэчы, як рэмень і шнуркі. Канечне, яго аглядалі, каб не было небясьпечных прадметаў, якімі ён мог зрабіць сабе шкоду ці іншым. Але шнуркі на гэтым этапе мы не забіраем. Мы праводзілі праверку, каб такога не дапусьціць у далейшым», — сказаў Сачак.

Як выйшла, што за чалавекам у адсеку машыны не дагледзелі?

Калі мужчыну везьлі ў пастарунак, то, паводле прадстаўніка абласной міліцыі, супрацоўнікі паглядалі на яго празь люстэрка задняга агляду.

«У некаторы момант ён зьнікае з поля зроку. Яны спыняюцца і бачаць тое, што адбылося. Спрабуюць неяк рэанімаваць, але гэта нічога не дае».

Чаму няма сьледу на шыі?

«У сваякоў выклікае недаўменьне адсутнасьць нейкага сьледу. Сьлед быў, але ён, магчыма, не настолькі ярка выражаны, як гэта бывае, калі чалавек доўгі час знаходзіцца ў такім стане», — кажа Сачак.

Чаму адразу не павезьлі ў пастарунак?

Паводле Сачака, супрацоўнікі міліцыі ехалі ў суседнюю вёску, каб праверыць іншага паднагляднага.

«Яны яго не вазілі па раёне.

Міліцыянты адразу выклікалі хуткую, але выратаваць затрыманага не ўдалося».

Жыхара вёскі Слаўкава Нясьвіскага раёну, 48-гадовага Сяргея Абрамовіча забрала міліцыя пасьля побытавай сваркі. Неўзабаве сваякам паведамілі, што ён учыніў самагубства ў міліцэйскім аўтамабілі. Аднавяскоўцы Сяргея з сумневам ставяцца да вэрсіі пра суіцыд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG