Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: колькі расейцаў ня трапілі ва Ўкраіну празь Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 26 лістапада адмовілі ва ўезьдзе больш як 380 расейцам, якія спрабавалі трапіць ва Ўкраіну празь Беларусь, піша Tut.by са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Чаму расейцам стала цяжэй трапіць ва Ўкраіну?

30 лістапада Ўкраіна забараніла ўезд расейцам — мужчынам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў. Ад 28 лістапада да 27 сьнежня ў шэрагу абласьцей Украіны дзейнічае ваеннае становішча.

Каля 400 расейцаў вярнулі ў Беларусь

Калі чалавеку з расейскім пашпартам, які спрабаваў трапіць ва Ўкраіну празь Беларусь, адмаўляюць ва ўезьдзе, то яго вяртаюць у Беларусь. Ад 26 лістапада Дзяржаўны памежны камітэт налічыў такіх расейцаў больш за 380.

З гэтых 380 чалавек больш за 260 вярнулі самалётамі, астатнія 120 — наземным транспартам, у асноўным праз аўтадарожныя пункты пропуску.

Паводле прадстаўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Антона Бычкоўскага, спачатку вернутых было больш, пасьля сытуацыя стабілізавалася, цяпер колькасьць адмоваў прыкладна на адным узроўні.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян сказаў, што каля 400 чалавек вярнулі ў Беларусь авіярэйсамі, на аўтамабільных пунктах пропуску «вярнулі ня больш за 10 чалавек, адзінкавыя выпадкі».

За 2 тыдні ва Ўкраіну не прапусьцілі больш як 1000 расейцаў

Паводле падлікаў Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, агулам на межах з рознымі краінамі ад 26 лістапада ва Ўкраіну не прапусьцілі больш за 1000 расейцаў. Каля 1300 грамадзянаў Расеі штодзень уяжджаюць ва Ўкраіну.

Слабадзян адзначыў, што ва ўезьдзе ва Ўкраіну адмаўляюць ня ўсім мужчынам ад 16 да 60 гадоў.

«Мы прапускаем тых, хто можа пацьвердзіць мэту свайго візыту і ў дачыненьні да каго не ўзьнікае сумненьняў, што грамадзянін не падманвае».

Пад падвышаны кантроль трапляюць ня толькі расейцы, але і людзі зь іншых краінаў.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG