Ганьне Красулінай з АГП адмовілі ў задавальненьні скаргі, яна мусіць зьехаць зь Беларусі да паўночы

Прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна. Менск, 19 красавіка 2017 году
Прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна. Менск, 19 красавіка 2017 году

Прэс-сакратарка АГП зьбіраецца зьвярнуцца ў суд і пакуль ня мае намеру добраахвотна зьяжджаць.

Ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму разгледзелі скаргу прэс-сакратаркі АГП Ганны Красулінай. Рашэньне аб яе высылцы пакінулі ў сіле, цяпер Красуліна мусіць пакінуць Беларусь да паўночы. Пра гэта прэс-сакратарка АГП сказала Свабодзе.

«Скарга разгледжана і пакінута без ухваленьня. Маўляў, рашэньне наконт мяне прынятае законна. Я ўдакладніла, ці маю я тэрмін, каб падаць у суд. Мне адказалі, што сёньня да 00:00 канчаецца мая магчымасьць добраахвотна выехаць зь Беларусі».

Цяпер Ганна Красуліна рыхтуе скаргу ў суд Маскоўскага раёну Менску, каб сёньня падаць яе ў суд. Па законе, калі скарга будзе накіравана сёньня, то на час абскарджаньня Красуліна можа застацца ў краіне.

Ганна Красуліна накіравала ўсе неабходныя дакумэнты ў суд па пошце, а таксама завязла ў міліцыю даведку і квітанцыю аб тым, што дакумэнты накіраваныя ў суд. Цяпер мусіць быць прынятае рашэньне аб пераносе тэрмінаў яе высылкі, пакуль суд не разгледзіць скаргу.

«Добраахвотна пакуль зьяжджаць не зьбіраюся», — удакладніла Красуліна.

13 лістапада міграцыйная служба МУС паведаміла, што Ганну Красуліну высылаюць зь Беларусі ў «інтарэсах грамадзкага парадку».

​
XS
SM
MD
LG