Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высылку прэс-сакратаркі АГП Красулінай прыпынілі на час разгляду скаргі


Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Высылка прэс-сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), грамадзянкі Расеі Ганны Красулінай, прыпыненая на час разгляду яе скаргі на пастанову УУС адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску.

«Патэлефанавалі мне з аддзелу грамадзянства і міграцыі Маскоўскага раёну, абвясьцілі, што, раз я скаргу падала, то да атрыманьня вынікаў яе разгляду мая высылка прыпыненая», — напісала Красуліна ў Facebook.

28 лістапада Ганна Красуліна перадала ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму скаргу на рашэньне аб высылцы з тэрыторыі Беларусі. Згодна з заканадаўствам, на яе разгляд адводзіцца месяц.

«Потым мне павінны ў пісьмовым выглядзе паведаміць рашэньне. Калі яно мяне не задаволіць, то я маю права зьвярнуцца са скаргай у суд. Суд таксама мае час да аднаго месяца, каб вывучыць маю апэляцыю. Таму я спадзяюся, што сёлета мяне зь Беларусі ніхто ня вышле», — сказала Красуліна Свабодзе.

Раней амбасада Расеі зьвярнулася ў МЗС з адмысловай нотай наконт Ганны Красулінай.

Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?

Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

  1. пікет падчас выбарчай кампаніі;
  2. сустрэча з ізалятара затрыманых;
  3. сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.

У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.

Тэрмін высылкі: 1 год.

Хто такая Красуліна?

Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG