У другой палове дня 28 лістапада прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна перадала ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму скаргу на рашэньне аб высылцы з тэрыторыі Беларусі.
Актывістка АГП выказвае сваю нязгоду з рашэньнем упраўленьня ўнутраных спраў Маскоўскага раёну Менску ад 13 лістапада 2018 году, паводле якога яе высылаюць зь Беларусі «у мэтах інтарэсаў грамадзкага парадку праз добраахвотны выезд з краіны» тэрмінам на адзін год.
Далей Красуліна выкладае прычыны, чаму яна лічыць такое рашэньне «неабгрунтаваным і незаконным». Яна просіць:
адмяніць пастанову аб высылцы;
прыпыніць высылку на час абскарджваньня рашэньня.
Што будзе далей?
У размове са Свабодай актывістка АГП спрагназавала свой далейшы лёс.
«Паводле заканадаўства гарадзкая міліцыя мае тэрмін да аднаго месяца для разгляду маёй скаргі. Звычайна на гэты час высылка прыпыняецца. Затым мне павінны ў пісьмовым выглядзе паведаміць рашэньне. Калі яно мяне не задаволіць, то я маю права зьвярнуцца са скаргай у суд. Суд таксама мае час да аднаго месяца, каб вывучыць маю апэляцыю. Таму я спадзяюся, што сёлета мяне зь Беларусі ніхто ня вышле», — кажа Ганна Красуліна.
МЗС Беларусі: расейская нота па справе Красулінай сапраўды ёсьць
Сёньня ў прэсавай службе замежнапалітычнага ведамства Беларусі Свабодзе пацьвердзілі, што амбасада Расеі зьвярнулася ў МЗС з адмысловай нотай наконт Ганны Красулінай.
«Мы пацьвярджаем атрыманьне ноты. Гэтае пытаньне будзе разглядацца ва ўстаноўленым парадку кампэтэнтнымі органамі».
Раней прэсавы сакратар расейскай амбасады ў Беларусі Аляксей Маскалёў заявіў, што амбасада накіравала зварот у МЗС «з просьбай улічыць усе гуманітарныя абставіны яе справы пры разглядзе заявы аб адмене рашэньня аб высылцы».
Ён падкрэсьліў, што расейскі бок разглядае Красуліну ня як палітычную дзяячку, а як расейскую грамадзянку, якой амбасада павінна пры неабходнасьці аказваць прававую дапамогу.