Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёсам Красулінай, якую ўлады высылаюць зь Беларусі, зацікавіліся замежныя дыпляматы


Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, якую ўлады абавязалі выехаць на год зь Беларусі, 20 лістапада сустрэлася з амбасадаркай Вялікай Брытаніі ў Менску Фіёнай Гіб.

«Гэтую сустрэчу ініцыявала амбасадарка Яе Вялікасьці. Мы зь ёй абмеркавалі маю сытуацыю. Камэнтаваць размову я не ўпаўнаважаная. Але спадарыня Гіб паабяцала мне данесьці інфармацыю да Міністэрства замежных спраў сваёй краіны», — сказала актывістка АГП Свабодзе.

Ганна Красуліна дадала, што яе праблемы зацікавілі і іншых дыпляматаў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Так, на 21 лістапада актывістка АГП запрошаная на сустрэчу з кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Расейская амбасада толькі чакае звароту Красулінай

Прэсавая сакратарка — грамадзянка Расеі. Яна кажа, што расейскія дыпляматы ведаюць пра яе справу. Але ініцыятывы зь іх боку няма.

«Яны чакаюць майго звароту. Але ў амбасаду Расеі я не магу пайсьці і проста распавесьці пра маю сытуацыю. З дапамогай свайго адваката я рыхтую адмысловы зварот да амбасадара Бабіча. Як толькі дакумэнт будзе гатовы, зьвярнуся да дыпляматаў-суайчыньнікаў», — тлумачыць Ганна Красуліна.

Яе асабліва трывожыць лёс бацькоў, якіх яна перавезла ў Менск. Яны хворыя, у сталым узросьце. І без дачкі ім будзе вельмі цяжка.

Рыхтуецца апэляцыя на высылку

Адвакаткай Красуліны стала Натальля Мацкевіч, якая абараняла Алену Танкачову — расейскую грамадзянку, праваабаронцу, якую ўлады выслалі зь Беларусі на тры гады ў 2014-м.

«Да 30 лістапада я павінна перадаць апэляцыю на рашэньне менскай міліцыі аб маёй высылцы. І мы гэта абавязкова зробім. А што будзе далей — пабачым. У любым выпадку 30 лістапада я не выяжджаю зь Беларусі», — кажа актывістка АГП.

Ганна Красуліна кажа, што яна хоча бліжэйшы час ператварыць у час «прафэсійнага і асабістага росту».

«Я хачу альбо працаваць у блізкіх мне сфэрах, альбо прайсьці стажыроўку, напрыклад, у парлямэнтах ці мэрыях эўрапейскіх краін. А затым скарыстаць досьвед, які я там атрымаю, у Беларусі. І тым самым даказаць уладам — як вы нас ні выкідаеце, мы ўсё роўна робімся мацнейшымі».

За што высылаюць Красуліну?

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, прычынай высылкі сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

  • 2016 год — дазволены пікет для збору подпісаў падчас выбарчай кампаніі;
  • 2017 год — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, калі Красуліна сустракала з ізалятара затрыманых пасьля Дня Волі 2017 году. Штраф за «несанкцыянаваную акцыю» Красуліна выплаціла своечасова;
  • Сакавік 2018-га — заплачаны на месцы штраф за безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце.

У АГП сьцьвярджаюць, што матывы рашэньня палітычныя.

Ганна Красуліна

Ганна Красуліна працуе прэсавай сакратаркай АГП з 2011 году. Падчас выбарчай кампаніі 2006 году распрацоўвала інфармацыйныя матэрыялы для кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, у 2010 годзе — для Яраслава Раманчука.

Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства, у яе самой — пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG