Амбасада Расеі накіравала ў Міністэрства замежных спраў Беларусі ноту з просьбай улічыць «усе гуманітарныя абставіны» ў справе аб высылцы прэс-сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай, піша БелаПАН.
Прэс-сакратар расейскай амбасады ў Беларусі Аляксей Маскалёў паведаміў, што зварот Красулінай атрымалі, гэтае пытаньне знаходзіцца на кантролі расейскай консульскай службы. Супрацоўнікі амбасады сустракаліся з Красулінай 26 лістапада.
«Мы накіравалі зварот у МЗС з просьбай улічыць усе гуманітарныя абставіны яе справы пры разглядзе заявы аб адмене рашэньня аб высылцы», — сказаў Маскалёў.
Пашпарт Ганны Красулінай
Маскалёў падкрэсьліў, што расейскі бок разглядае Красуліну ня як палітычную дзяячку, а як расейскую грамадзянку, якой амбасада павінна пры неабходнасьці аказваць прававую дапамогу.
Паводле Красулінай, на сустрэчы ёй распавялі, што летась зь Беларусі выслалі 560 грамадзян Расейскай Фэдэрацыі, зь іх 130 — за кіраваньне аўто ў нецьвярозым стане.
28 лістапада Красуліна мае намер абскардзіць рашэньне аб сваёй высылцы ў ГУУС Менгарвыканкаму, а пры неспрыяльным выніку будзе зьвяртацца ў суд. На час разгляду апэляцыі ёй павінны падоўжыць час знаходжаньня ў Беларусі.