Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для нас няма аўтарытэтаў», — кіргіскія дзяўчаты запускаюць спадарожнікі і сьпяваюць пра гендэрную няроўнасьць


Сьпявачка Zere

«Мы самі вырашаем, што рабіць», — Аліна Анісімава заняла 8-ю пазыцыю ў топ-100 жанчын году па вэрсіі BBC. Яна кіруе касьмічнай школай для дзяўчат, дзе будуюць першы кіргіскі спадарожнік, і вучыцца ў каледжы. Сьпявачка Zere ўзварушыла краіну сваім фэмінісцкім кліпам і мае паўмільёна праглядаў на Youtube. Яна выкладае ангельскую мову ў моўнай акадэміі.

Як сьпяваць у станіку і хадзіць па вуліцах з блакітнымі валасамі ў краіне, дзе дагэтуль існуе традыцыя выкрадаць нявестаў? Радыё Свабода пагаварыла з самымі яскравымі прадстаўніцамі кіргіскага пакаленьня Z.

Кіргізстан: дзе гэта і як там жывецца

Плошчай Кіргізстан амаль роўны Беларусі (амаль 200 тыс. кв. км), а жыве там 6 мільёнаў чалавек.

Сталіца краіны — Бішкек. Дзяржаўная мова — кіргіская, афіцыйная — расейская. Грошы называюцца сом. Большасьць рэлігійнага насельніцтва — мусульмане, ёсьць хрысьціяне.

З 1991 году ў Кіргізстане было ўжо 5 прэзыдэнтаў. Цяпер краінай кіруе Сааранбай Джээнбекаў.

Кіргізстан перажыў некалькі рэвалюцый. Тульпанавая рэвалюцыя ў 2005-м зрынула прэзыдэнта Аскара Акаева. У 2010 годзе рэвалюцыйным шляхам пазбыліся прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў асуджаны ў Кіргізстане на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Ён атрымаў прытулак у Беларусі і дагэтуль жыве тут зь сям’ёй.

«Сяброўка вучылася на электрыка. Але пасьля першага курсу маці ёй забараніла хадзіць на заняткі»

— Як быць дзяўчынай у Кіргізстане?

Зэрэ: Ня так кепска, як у іншых краінах пра нас думаюць. Няма такога, што на кожным кроку выкрадалі нявестаў ці нешта падобнае. І закон кажа, што людзі роўныя — незалежна ад полу.

Але няроўнасьць у нас ёсьць, і яна ў галовах у людзей. Дзяўчына можа рабіць што хоча, але наяве яна гэтага ня робіць, бо заранёў думае, што пра яе падумаюць іншыя людзі. Ёсьць такая магутная зьява «Эл эмне дейт» — «што скажа народ». Калі ты зробіш нешта ня так, цябе будуць шэйміць. Пачуцьцё сораму моцна абмяжоўвае кіргіскіх жанчын.

Аліна Анісімава
Аліна Анісімава

Аліна: Напрыклад, калі ў дзяўчыны ёсьць хлопец, то камунікаваць ці гуляць зь іншымі хлапцамі ўжо нельга. За гэта будуць шэйміць.

Але ў нас з Зэрэ розны бэкграўнд. Яна з кіргіскай сям’і, а я з расейскай. Мае бацькі ў тэхнічным пляне мяне падтрымліваюць. У мяне бабуля інжынэрка, ужо 40 гадоў працуе ў гэтай сфэры. Таму калі я казала, што пайду на праграмаваньне, мяне падтрымалі.

Але бываюць такія сем’і, як, напрыклад, у маёй сяброўкі. Яна вучылася на электрыка, і пасьля першага курсу маці забараніла ёй вучыцца, бо, маўляў, гэта не жаночая прафэсія, ты ня можаш канкураваць у ёй з мужчынамі.

Зэрэ: Што ў асноўным клапоціць кіргіскіх жанчын: падабацца грамадзтву, і найперш мужчынам. Усё гэта ператварылася ў вялізны конкурс. Дзяўчаты самасьцьвярджаюцца за кошт гэтага. На жаль, многія дзяўчаты ня ведаюць, што можна самасьцьвярджацца іншымі спосабамі і пры гэтым не прыніжаць свае прынцыпы, не адступацца ад іх.

— Наколькі сур’ёзная праблема з прымусовымі шлюбамі?

Зэрэ: Яны ня вельмі распаўсюджаныя, але ёсьць «ала-качуу» — «выкраданьне нявесты». Асабліва ў Кіргізстане гэтая зьява разьвітая, на жаль. Законам гэта забаронена.

Але дзяўчыну крадуць, саджаюць у машыну, прывозяць дахаты — і сям’я шляхам гвалту, вельмі часта шляхам сэксуальнага гвалту, вымушае дзяўчыну застацца. «Кшталту, калі ты не цнатлівая, ты ўжо нікому ня будзеш патрэбная. І калі ты выйдзеш з гэтага дома, то будуць чуткі, што ты не цнатлівая».

Аліна: А калі ты супраціўляесься, то на цябе доўга ціснуць. А пасьля маці ці жанчына, якая мае аўтарытэт у сям’і, сядае перад табой на ганку і кажа: «Пераступай». Гэта таксама псыхалягічны ціск.

Зэрэ: Калі ты пераступаеш праз сталага чалавека, то гэта назаўжды ганьба на тваю сям’ю. Гадоў 10–15 таму такое адразу спрацоўвала. Але цяпер ужо разумеюць, што гэта глупства.

— Людзі дагэтуль успрымаюць гэта як важкі звычай?

Зэрэ: Гэта раней быў звычай. Цяпер гэта злачынства. Людзі пачалі больш-менш разумець, што гэта жорсткае парушэньне правоў чалавека, за гэта саджаюць у турму як мінімум на 7 гадоў.

Аліна: Але дзяўчаты баяцца зьвярнуцца ў паліцыю. І нядаўна быў выпадак з Бурулай, калі ў паліцэйскім участку яе зарэзалі.

Зэрэ: Яе скралі, пасьля міліцыя іх на гарачым злавіла, прывезьлі ў паліцэйскі ўчастак. Гэта аддаленая вобласьць Кіргізстану. Мы ня ведаем, што там канкрэтна адбылося. Магчыма, жаніх падкупіў міліцыянтаў, ці міліцыянты падумалі, што яны самі дамовяцца. Але іх нейкім чынам пакінулі ўдваіх у пакоі. І гэты жаніх зарэзаў Бурулай і паспрабаваў забіць сябе. Але ён цяпер жывы.

І гэта была жахлівая трагедыя для нашай краіны. Такі reality slap — удар рэальнасьці: «Гэй, прачніцеся! Што адбываецца?» Большасьць людзей былі ў шоку і разумелі, што трэба нешта рабіць. Але я асабіста з боку ўладаў ці іншых людзей не пабачыла дакладнага дзеяньня, каб такога не адбывалася раней.

Бурулай Турдаалы, забітая выкрадальнікам у пастарунку
Бурулай Турдаалы, забітая выкрадальнікам у пастарунку

Аліна: Я хадзіла на марш у памяць Бурулай. Там была наша былая прэзыдэнтка Роза Атунбаева.

— Тое, што ў вас упершыню ў Сярэдняй Азіі жанчына была прэзыдэнткай, паўплывала на статус жанчыны ў грамадзтве?

Зэрэ: Безумоўна, паўплывала. Калі параўноўваць яе зь іншымі прэзыдэнтамі, то яна была самай сумленнай, самай годнай. Яе ўспрымаюць ня толькі як жанчыну-прэзыдэнта, але як годнага прэзыдэнта, найлепшага за ўсю гісторыю Кіргізстану.

Зэрэ Асылбэк, сьпявачка фэміністка з Кыргызстана
Зэрэ Асылбэк, сьпявачка фэміністка з Кыргызстана

«У тваёй песьні ўсё правільна. Але, ведаеш, лепш бы ты ня ў станіку выйшла»

— Аліна, а як вам з блакітнымі валасамі ў Бішкеку?

Аліна: Калі б я вучылася ў школе, мне б моцна дадзявалі. Маю сяброўку за фіялетавыя валасы ледзьве ня выгналі са школы. Гэта жахліва, бо ты ня можаш неяк падкрэсьліць сваю індывідуальнасьць. Мне падабаюцца фіялетавыя валасы, я хачу так хадзіць. Але мне пофіг на «думку народу», я апранаюся як хачу.

Зэрэ: Калі згадваць пра школу, я памятаю, што дзяўчатам забаранялі надзяваць штаны кшталту легінсаў. Гэта было вельмі дзіўна. Тады я такая — «О, нельга такія штаны, дык я хачу». Памятаю, што дзяўчатам забаранялі ўваходзіць у школу, калі ў іх доўгія спадніцы. У занадта кароткай нельга і ў занадта доўгай таксама.

Аліна: Хлопцам у шортах нельга. Хоць насамрэч больш абмежаваньняў накладаецца на дзяўчат: нельга фарбаваць пазногці, вусны, нельга доўгія завушніцы. Валасы павінны быць сабраныя.

Zere
Zere

— Зэрэ, а чаму вы ў сваім кліпе ў фіялетавым станіку?

Зэрэ: Я зусім ня думала пра тое, што надзену, да апошняга дня выезду на здымкі. Проста ўзяла станік і пінжак. І гэта, напэўна, мяжа, калі пачынаецца мастацтва. Ты ненаўмысна нешта робіш, а пасьля гэта ператвараецца ў фэномэн.

Я ўвогуле не падазравала, што гэты станік выкліча столькі ўвагі. Калі кліп быў змантаваны і гатовы, я думала, што ён недастаткова правакацыйны. І ў мяне была дэпрэсія тыдзень. Кліп быў гатовы, трэба было толькі націснуць кнопку «апублікаваць». Я пасьля выклала, думаю: ладна, няхай знаёмыя хаця б паглядзяць. І так яно абярнулася.

— Колькі ў вас цяпер праглядаў?

Зэрэ: Калі лічыць ва ўсіх пабліках — то больш за мільён. Але я ніякага сэнсу ў станік не ўкладала. Цяпер мне кажуць: «Ты ж фіялетавы нездарма выбрала, гэта ж колер фэмінізму. І ў тваім кліпе так шмат фіялетавага — у дзяўчынкі валасы фіялетавыя, горы фіялетавыя, станік фіялетавы...» І я думаю: ваў, я пра гэта не задумвалася, і гэта і ёсьць мастацтва, калі ты сумяшчаеш штосьці сьвядома і несьвядома зробленае. А людзі трактуюць гэта па-свойму, прыдумляюць новыя сымбалі. Гэта неверагодна. Мяне штораз калоціць ад радасьці, калі я сутыкаюся з гэтымі тлумачэньнямі. І няважна, што я задумвала, важна, як людзі самі гэта зразумелі.

Зэрэ Асылбэк
Зэрэ Асылбэк

— Але ў вас і хэйтэраў было шмат, пагражалі сьмерцю і гвалтам. Што вас сярод такіх выказваньняў найбольш абурае?

Зэрэ: Абурае, калі кажуць: «Так, у песьні ўсё правільна, жанчыны маюць свабоду, могуць рабіць што хочуць, ня мусяць нікога слухаць. Але, ведаеш, лепш бы ты ня ў станіку выйшла». Я думаю: што з вамі ня так? Але гэта ўсё адно лепш, чым нэўтральная пазыцыя. Бо калі чалавек нэгатыўна рэагуе, ты разумееш, як зь ім працаваць, што яму казаць. Але калі чалавеку пофіг, то ты не разумееш, што зь ім рабіць, як даносіць сваю думку. Горш за нэўтральную пазыцыю ня можа быць нічога.

— Вас пазнаюць на вуліцах?

Аліна: Так, мяне пачалі пазнаваць.

Зэрэ: Так, людзі сталі мяне пазнаваць, і гэта ў пэўнай ступені прыемна. Ня вельмі прыемна, калі чалавек цябе пазнае і пачынае здымаць цябе на камэру, каб ты не заўважала. Гэта кажа пра тое, наколькі закрытыя людзі. Бо калі чалавек да мяне падыдзе і спытае, я з радасьцю сфатаграфуюся, перадам прывітаньне.

— Вы зорка?

Зэрэ: Я ў шоку, але так.

«Я зьбіраюся запусьціць спадарожнік. А пасьля запусьціць яшчэ адзін спадарожнік»

— Вы досыць незвычайныя для Кіргізстану людзі. Як вы знаходзіце сабе сяброў?

Аліна: У Кіргізстане шмат цікавых людзей і тых, хто падтрымлівае нашу пазыцыю. Знайсьці іх увогуле нескладана. Але насамрэч яны існуюць толькі ў пэўным коле. Мы знаходзімся ў такой бурбалцы, дзе ў нас усё нармальна, нас усе падтрымліваюць. Але як толькі ты выйдзеш з гэтай бурбалкі — на базар у Ошы ці яшчэ куды, там знойдуцца людзі, якія — «Ой, дзяўчаткі не запусьцяць спадарожнік, што за трызьненьне». Але Кіргізстан вельмі цікавая краіна.

Аліна Анісімава
Аліна Анісімава

Зэрэ: Тое, хто я цяпер, — гэта сукупнасьць уплываў людзей, якія мяне атачаюць. Я была ў абсалютна розных колах — вельмі рэлігійных, патасных, актывісцкіх. Мяне ўсё гэта прашэйпіла (сфармавала. — РС) як чалавека. Мы ня тое каб незвычайныя, але мы адкрытыя. Мы ведаем пра «Эл эмне дейт». І нам заранёў на яго напляваць. Гэта гучыць лёгка, але складана дасягнуць гэтага ў Кіргізстане: ты ведаеш, што цябе будуць асуджаць, але табе заранёў ужо напляваць на гэта.

Аліна: Я толькі гэтым летам стала выбірацца з дому і хадзіць у розныя месцы. Знайшла клясныя бары, у якія ня ходзяць зашораныя людзі. Там заўжды нехта цікавы, хто займаецца сваёй любімай справай. І калі ты знаёмісься з такімі людзьмі, разумееш, што ты не адзінокі.

Зэрэ: У Кіргізстане вельмі разьвітая бар-культура. І гэта ня лакшэры-бары. Хтосьці можа сваю кватэру ператварыць у бар. Там бываюць вечары паэзіі, музыкі, оўпэнмайкі. Проста людзі стаяць і знаёмяцца.

— Што такога незвычайнага ў людзях вашага ўзросту, што яны здольныя хаця б трохі разварушыць старое грамадзтва?

Зэрэ: Наша пакаленьне больш уцягнутае ў палітычныя, дзяржаўныя, сацыяльныя працэсы. Бо мы аналізуем, крытыкуем і разумеем, што ёсьць важныя рэчы, ад якіх залежыць лёс нас усіх. Пакаленьне Z імкліва разьвівае ў сабе культуру адкрытасьці.

Мы крытычна ставімся да кантэнту. Мы ня проста глядзім відэа, а аналізуем, хто, навошта і як гэта зрабіў. Мне здаецца, у нас такое мысьленьне. Я працую як настаўніца з пакаленьнем Z і разумею, як яно думае.

— А хто для вас аўтарытэты, лідэры думак, людзі, на чые паводзіны можна арыентавацца?

Зэрэ: У нас няма лідэраў думак. Наша пакаленьне не глядзіць на лідэраў, яму неўласьціва ісьці за некім. Мы ідзем за сваімі прынцыпамі. Калі мы знаходзім іскру ў іншых людзях, мы аб’ядноўваемся і спрабуем нешта разам рабіць. Але яўных лідэраў у нас няма. Нават калі гэта моцныя палітыкі, як Роза Атунбаева.

Аліна Анісімава
Аліна Анісімава

Аліна: Мы захапляемся імі, але яны ня нашы лідэры.

— Як вы далей будзеце разьвівацца?

Зэрэ: Я хачу прафэсійна займацца творчасьцю. І гэта ня толькі песьні, а тэатар, візуальная творчасьць. Я веру, што ў творчасьці няма межаў і празь яе можна даносіць вельмі моцныя мэсыджы. Хачу атрымаць тэатральную адукацыю. Хачу зьвязаць выдатных артыстаў з Кіргізстану з усясьветнай індустрыяй і папулярызаваць такім чынам сацыяльны актывізм. Гэта галоўнае.

Аліна: Я хацела б вучыцца на інжынэра. Але ня ў нашай краіне, бо ў нас так сабе адукацыя. Цяпер я вучуся на праграміста — і нічога ў каледжы зь ведаў важнага не атрымала. Усё, што я ведаю пра праграмаваньне, я вывучыла сама ці на курсах.

Хачу, каб касьмічная індустрыя разьвівалася ў нашай краіне. Каб у нас былі абсэрваторыі, катэдры ва ўнівэрсытэтах, якія навучаюць касьмічным навукам. Усё гэта вельмі важна і цікава.

І я зьбіраюся запусьціць спадарожнік. А пасьля запусьціць яшчэ адзін спадарожнік.

Размова з Алінай Анісімавай і Зэрэ Асылбэк адбылася падчас падзеі CampCamp, арганізаванай Праскім Грамадзянскім Цэнтрам у Ерэване 7–11 лістапада 2018 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG