Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ў яго веру», — бацька абараняе сына, які напаў на яго з нажом


Дзьмітрый Цімашкоў з дачкой і сынам, архіўнае фота

24 верасьня 14-гадовы падлетак нанёс некалькі ўдараў нажом у сьпіну свайму бацьку Дзьмітрыю Цімашкову. 52-гадовы бацька трапіў у шпіталь. Супраць сына завялі крымінальную справу за замах на забойства.

«Я буду змагацца, каб яго адпусьцілі. Так з падлеткамі нельга», — кажа Дзьмітры Цімашкоў.

Праз тыдзень пасьля нападу яго выпісалі са шпіталю. Сьледзтва палічыла ягоныя пашкоджаньні цяжкімі. Крымінальную справу супраць сына завялі па ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 139 КК («замах на забойства»).

«Ён падлетак, са сваімі тараканамі, нясьмешнымі жартамі, прыбабахамі, але ён нармальны хлапец. Ён па сваёй прыродзе ня мог гэта зрабіць так, як ён гэта заяўляе на допытах — наўмысна і сурова», — упэўнены бацька.

«Паміж хлопчыкам і бацькамі на працягу некалькіх гадоў разьвіваўся канфлікт»

Такую заяву зрабіў Сьледчы камітэт. Дзьмітры Цімашкоў з гэтым нязгодны. Як і з вынікамі экспэртызы, якая сьведчыць, што хлапец падчас нападу не знаходзіўся ў стане афэкту і мог усьведамляць свае дзеяньні.

Дзяцей Дзьмітры Цімашкоў выхоўвае адзін. Два гады таму разьвёўся з жонкай. Сын і 12-гадовая дачка засталіся жыць зь ім.

Дзьмітры вядомы ў Беларусі як «Лільчын тата» і аўтар блогу lilkindad. У ім апісваецца гісторыя сям’і, у якой расьце дзяўчынка з ДЦП. Дзьмітры ўжо некалькі гадоў арганізоўвае маратоны для бацькоў з асаблівымі дзецьмі. Заснаваў арганізацыю «Каманда „Крылы анёлаў“», часта даваў інтэрвію і быў героем рэпартажаў.

У менскай школе, дзе С. вучыцца ў 9-й клясе, камэнтаваць здарэньне адмовіліся. Таксама адмовіліся ад камэнтароў і ў раённым упраўленьні адукацыі.

Знаёмыя Дзьмітрыя, якія разам зь ім удзельнічаюць у маратонах, і пра яго, і пра ягонага сына выказваюцца толькі станоўча. Кажуць, што паміж імі былі нармальныя стасункі.

Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй на маратоне, архіўнае фота
Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй на маратоне, архіўнае фота

Больш расказаць пра хлопца для Радыё Свабода пагадзілася ягоная старэйшая сястра Ліза, дачка Дзьмітрыя ад першага шлюбу. Яна гаворыць пра брата як пра «ціхага, спакойнага хлопчыка», які шмат чытаў, хадзіў у бібліятэку.

«Мы зь ім кантактавалі ў асноўным улетку, калі мы ўсёй сям’ёй зьбіраліся ў таты на лецішчы. Раней мала, бо ўсё ж у нас розьніца ва ўзросьце 6 гадоў, мне было зь ім сумна. Але гэтым летам усё зьмянілася. Ён вельмі пасталеў, і мы весела бавілі разам лета, палілі па вечарах вогнішча зь ягонымі сябрамі, — распавядае яна. —

У яго нібыта было шмат сяброў, хоць ён трохі нелюдзімы. Сядзеў зь імі ў кампаніі, але нібыта асобна, нібыта проста міма праходзіў і вырашыў падсесьці. Езьдзілі на роварах катацца, заяжджалі ў закінуты дом. Ён вельмі любіць такія месцы, як і я, і мы там усё аблазілі, было весела. А хто ў дзяцінстве такога не рабіў?» — пытаецца дзяўчына.

Гэта было 18 жніўня — апошні раз, калі Ліза бачыла брата. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА, і неўзабаве яго чакае суд.

Ліза кажа, што самыя блізкія стасункі ў С. былі з маці. Праўда, удакладняе яна, так стала ўжо пасьля таго, як бацькі разьвяліся.

«Ведаеце, калі адзін з бацькоў не жыве зь дзіцем, ён імкнецца яго больш ня выхаваць, а дагадзіць. Яна зь ім весялілася, купляла падарункі. Як любое дзіця, ён яе за гэта любіў», — кажа яна.

«Бярэ папругу і робіць выгляд, што зьбіраецца павесіцца»

Дзьмітры размаўляе з намі ў пакоі сына. Тлумачыць, што жыцьцё іхнай сям’і ніколі не было простым. Некалькі гадоў таму сям’я мела статус «сацыяльна праблемнай».

У сацыяльна небясьпечным становішчы мы былі ня проста так. Мама нашая піла, дома былі ўсялякія непрыемныя карціны. Хлапец гэта бачыў.

«У сацыяльна небясьпечным становішчы (СНС) мы былі ня проста так. Мама нашая піла, дома былі ўсялякія непрыемныя карціны. Хлапец гэта бачыў, — кажа ён. — Яна вельмі доўга выпівала ціха, тайна, як жанчыны часта робяць. Калі гэта выйшла вонкі, было цяжка даць рады. Я яе вадзіў да нарколяга, і ў шпіталі яна ляжала, і ў школе завуч яе вадзіла да нарколяга. Нічога не дапамагала».

У пэўны момант, кажа ён, пайшоў параіцца да дырэктаркі школы.

«Я ня ведаў, што рабіць. У мяне зьнікаюць грошы, мне няма на каго пакінуць дзіця. Я не магу ані працаваць, анічога рабіць, бо двое дзяцей дома, а маці зусім не пры справах. Пару разоў выклікаў міліцыю, — расказвае мужчына. — Я пайшоў зь ёю пагаварыць — можа, яна ведае, што рабіць. Так школа даведалася, што ў нас ёсьць праблема. Паставілі нас на СНС, і некаторы час мы з гэтым статусам жылі. Праяўлялася бясплатнымі сьняданкамі».

Ціску з боку школы, кажа Дзьмітры, не было. Але сын быў пад пільнай увагай, а статус «СНС» быў для яго балючым.

«Ён абураўся бясплатнымі сьняданкамі. Казаў, што гэта заўжды горш, чым усім іншым. Таму я стаў плаціць за сьняданкі, бо бачыў, што дзіця пакутуе, лічыць, што ён нейкі не такі».

Пагутарыць з маці С. не ўдалося. Як апякун яна прысутнічае пры допытах сына. «Вонкава ён трымаецца. Ён заўжды вонкава трымаўся. Ён разумны не па гадах, вельмі інтэлігентны. Ён здольны аналізаваць. Бывае, калі капае ў адну бочку вельмі доўга, то пасьля зь яе пачынае вылівацца. Чалавек перагарае. Так адбылося і ў гэтай сытуацыі», — казала яна раней у інтэрвію «Эўрарадыё».

Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй, архіўнае фота
Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй, архіўнае фота

У школе адмовіліся камэнтаваць, ці сям’я мела статус сацыяльна небясьпечнай. Ліза ў асобнай размове кажа пра маці С.:

«Магу пацьвердзіць, што алькагалізм меў месца. І калі яны з татам яшчэ не былі разьведзеныя, я нават чула пару разоў ад С. досыць непрыемныя камэнтары пра яе. Ён нават неяк казаў, што ніколі ў жыцьці ня будзе піць пасьля таго, чаго наглядзеўся ад мамы».

Замыкаў жонку ў прыбіральні, бо ведаў, што яна адразу выбягае па гарэлку. Разумею, што для дзіцяці гэта траўматычныя сытуацыі, але падзецца не было куды.

«Калі запой у яе, яна бярэ папругу і робіць выгляд, што зьбіраецца павесіцца. Я тады выклікаю псыхушку. Усё гэта пры сыне, — у асобнай размове расказвае Дзьмітры. — Былі моманты, калі я, проста каб выйсьці з дому, замыкаў яе ў прыбіральні, бо ведаў, што яна адразу выбягае па гарэлку. Я разумею, што для дзіцяці гэта траўматычныя сытуацыі, але падзецца не было куды».

Дзьмітры кажа, што ня можа аб’ектыўна адказаць на пытаньне, чаму жонка стала піць.

«Яна гэта тлумачыць тым, што ў мяне такі характар, што ў мяне нейкія жанчыны на баку. Карацей, ува мне прычына. Я лічу, што сытуацыя зь Лількай яе моцна траўмавала. Бо калі быў адзін сын, усё было ў парадку».

Як маці, кажа Дзьмітры, яна вельмі добрая — «можна сказаць, ідэальная». Пацьвярджае, што ў сына зь ёй добрыя, спакойныя стасункі.

«Не было грошай на цукеркі. Часам думаеш, дзе на сьняданак узяць»

Надзвычайных праблем з С. Дзьмітры не заўважаў. Сям’я мела фінансавыя цяжкасьці, а клопат пра дачку накладаў на ўсіх адмысловыя абавязкі. Да нараджэньня дачкі, кажа Дзьмітры, ён меў бізнэс і сям’я «ня ведала, колькі каштуюць прадукты». Пазьней шмат сродкаў стала ісьці на рэабілітацыю Лілі. Грошы для яе таксама зьбіралі праз краўдфандынг.

Не было грошай на цукеркі — на элемэнтарныя вельмі рэчы, бо проста няма. Часам думаеш, дзе на сьняданак узяць.

«У сына не было магчымасьці схадзіць у кіно, калі ён хацеў. Не было грошай на цукеркі — на элемэнтарныя вельмі рэчы, бо проста няма. Часам думаеш, дзе на сьняданак узяць, — кажа Дзьмітры. — Мы маем стандартны набор дапамог — пэнсія па інваліднасьці і дапамога па інваліднасьці. Недзе па 100 даляраў кожная. Ёсьць яшчэ дапамога для дзяцей з такіх сем’яў і дапамога на падгузкі. Калі ўсё сабраць, то даляраў 400».

Яшчэ 150 рублёў Дзьмітры атрымлівае як дырэктар некамэрцыйнай арганізацыі «Каманда „Крылы анёлаў“».

Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй
Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй

«Заможным майго тату дакладна назваць нельга. Але я не магу сказаць, што грошай катастрафічна не хапала, — кажа старэйшая дачка Ліза. — С. заўжды быў прыстойна апрануты, тата купіў яму горны ровар, у ягоным пакоі ёсьць швэдзкая сьценка. Так што я думаю, што калі на нешта грошы патрэбны, то тата іх знаходзіць».

«Брат ніколі ня скардзіўся, што яму не хапае грошай», — кажа дзяўчына.

Скардзіўся толькі, што з тых часоў, як мама больш зь імі не жыве, тата пераклаў усю працу па доме на яго.

«Радасьцямі ў сям’і ён не дзяліўся. Я ня ўпэўненая, што ў яго былі нейкія асаблівыя радасьці. Адзінае — паездкі ў іншыя гарады разам з татам і ягонай камандай. Я іх фатограф, так што таксама езьдзіла, — кажа яна. — Скардзіўся толькі, што з тых часоў, як мама больш зь імі не жыве, тата пераклаў усю працу па доме на яго (посуд памыць, падлогу падмесьці, сьмецьце вынесьці)».

«Вядома, было і яшчэ нешта: ён неяк сказаў, што пайшоў пагуляць на дзьве гадзіны, вярнуўся ўжо праз 40 хвілін і застаў тату ў ложку з жанчынай. Тата, праўда, гэта адмаўляе. Але я ведаю, што ён згадваў гэта на допыце і, здаецца, гэта магло паўплываць на ягоную псыхіку», — дадае дзяўчына.

«Я яго стараўся ані ў чым не абмяжоўваць. Я там напісаў пра тое, што тэлефон трэба было ў скрынку класьці, пра абмежаваньні на кампутар. Але гэта лухта ў параўнаньні з той свабодай, якую ён меў. Ён тут мог жыць увогуле без мяне, калі я зьяжджаў. Я ежы прыгатую, маме ягонай скажу, і ён тут жыве. У нас не было такога, што я хаджу, яго кантралюю», — тлумачыць Дзьмітры.

Ліза пацьвярджае, што малодшая Ліля мае павышаную патрэбу ў доглядзе, увазе і клопаце. «Зразумела, тата аддаваў ёй нашмат больш часу, — кажа яна. — Так што ўвагі атрымлівалася недзе 2/3 Лілі і 1/3 С».

Калі другое дзіця нараджаецца, у першага рэўнасьць, і гэта норма. У звычайнай сям’і гэта пасьля выраўноўваецца, а ў нас другое дзіця як было немаўлём, так і застаецца.

«Любові да Лількі не было. І не магло быць, — кажа Дзьмітры. — Калі другое дзіця нараджаецца, у першага рэўнасьць, і гэта норма. У звычайнай сям’і гэта пасьля выраўноўваецца, а ў нас другое дзіця як было немаўлём, так і застаецца. Ёй увага патрэбна ўвесь час. Гэтая невялікая дзіцячая траўма, якую кожны перажывае, у сына засталася адкрытай. Я ня ведаю, як на такой глебе можа ўзьнікнуць любоў. Хутчэй актыўная нелюбоў. Але ў С. такога не было».

«Папросіш пагуляць — пагуляе, папросіш кніжку пачытаць — пачытае, папросіш паглядзець, пакуль ідзеш у краму, — пасядзіць, паглядзіць. Нават аднойчы гадзіны на тры яго пакінуў», — апісвае Дзьмітры дачыненьні С. з малодшай сястрой.

«Усім жа дзецям хочацца быць адзінымі і галоўнымі, — мяркуе старэйшая сястра Ліза. Яна бачыцца з бацькам раз на месяц. — А бацькі амаль заўжды любяць дзяцей аднолькава, а часу выдзяляюць адпаведна патрэбам. Пры жаданьні любога бацьку можна папракнуць у недахопе ўвагі. Але ці так гэта, меркаваць толькі самому дзіцяці».​

Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй
Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй

«Казаў, я празь цябе ледзьве не памёр»

Стасункі з сынам, мяркуе Дзьмітры, пагоршыліся ў апошнія месяцы.

«Гэта супала зь ягоным актыўным ростам, проста фізычным. Быў маленькі-маленькі, а тут стаў расьці проста на сантымэтры за месяц. Мы пайшлі ўвесну яму купляць красоўкі, а ў яго 44-ы памер», — расказвае ён.

У траўні здарылася «непрыемная сытуацыя з апэндыцытам».

«Падымаецца ў яго тэмпэратура, галава баліць, ванітуе. На жывот ён ня скардзіўся. Я падумаў, інфэкцыя. Гэта супала з тым, што мы рабілі масавы прабег у Лошыцкім парку. У мяне было вельмі шмат працы. Бабуля (маці былой жонкі) прыехала глядзець дзяцей».

У дзень маратону, паводле Дзьмітрыя, ён позна вярнуўся дахаты.

«Некалькі разоў яго глядзеў, жывот таксама. Я кажу: „Калі табе настолькі кепска, то кажы, я выклічу дактароў, бо я збоку не магу зразумець“. Ён кажа, добра, і лёг спаць. Уначы мяне пабудзіў, мы выклікалі „хуткую“, паехалі ў лякарню, і па дарозе апэндыкс у яго лопнуў — у выніку пэрытаніт, цяжкая апэрацыя».

Дзьмітры лічыць гэтую сытуацыю «пераломнай».

«У мяне пачуцьцё віны, што я яму ў такой складанай сытуацыі не дапамог і ня мог дапамагчы.

«У мяне пачуцьцё віны, што я яму ў такой складанай сытуацыі не дапамог і ня мог дапамагчы і дагэтуль не магу зразумець, як я мог дапамагчы, бо ані там, ані там ня кінеш. А ён сур’ёзна да гэтага паставіўся. Спачатку былі маўклівыя папрокі, ён неяк размаўляць са мной стаў ня вельмі ветла. Пасьля стаў казаць, маўляў, «я празь цябе ледзьве не памёр».

Пасьля сыну зрабілі яшчэ адну апэрацыю з прычыны «ўрослага пазногця». У выніку ён прапусьціў паездку ў скаўцкі лягер, пра якую доўга марыў.

«Лягер быў незвычайны. Ён казаў, што такое бывае раз на 30 гадоў. Называецца „джамбары“ — калі скаўты з усяго сьвету зьбіраюцца ў адной краіне. І сёлета гэта была Беларусь».​

Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй
Дзьмітры Цімашкоў з дачкой Ліляй

«Гэты нож мне яшчэ першая жонка падарыла пасьля разводу»

Напад здарыўся ў панядзелак 24 верасьня. Дзьмітры нядаўна вярнуўся з маратону ў Маскве.

«Я сядзеў на канапе. Мы з сынам размаўлялі пра красоўкі, якія я сабе прывёз, купіў на распродажы там. Гэта быў напружаны момант, бо нейкі час таму ён мяне папракаў, што я яму купляю няякасны абутак, таму ў яго плоскаступнёвасьць. Я яму тлумачыў, што гэта ня так, што „тых дзьвюх пар, якія я ўвесну табе купіў, табе вышэй даху“. І ў размовы было непрыемнае адценьне: маўляў, навошта ты сабе купіў, у цябе і так ёсьць».

Дзьмітры кажа, што сын сядзеў у яго за сьпінай. Размова здавалася яму самай звычайнай і спакойнай.

«Я зашнуроўваў гэтыя красоўкі — і раптам адзін удар, другі. Я думаў, што гэта дурны школьны жарт. А пасьля ўсё больш балюча, сьпіна гарыць. Я паварочваюся і бачу белы твар, дыхае цяжка і нож у руцэ, рука трасецца».

Нож у хлопца ўдалося адабраць. Выклікалі хуткую дапамогу.

У яго і думак завяршыць не было. Не было ў яго пляну ані ўцячы, ані схавацца. Я ня веру, што гэта было заплянавана!

«Я яму сказаў узяць анучу, заціснуць рану, зь якой найбольш цячэ, пакуль „хуткая“ прыедзе. Нож ляжаў побач. У яго і думак завяршыць не было. Не было ў яго пляну ані ўцячы, ані схавацца. Я ня веру, што гэта было заплянавана!» — сьцьвярджае Дзьмітры.

Нож, кажа ён, належыць яму.

«Мне яго калісьці падарыла першая жонка, ужо калі мы былі разьведзеныя. Сувэнірны нож, вельмі падобны да паляўнічага. Называецца „Паўднёвы крыж“. Ён дзе толькі ні валяўся: у машыне, па грыбы мы зь ім хадзілі», — кажа ён. Апошнім часам, кажа, згубіў яго з вачэй.

«Хацеў бы забіць — узяў бы сякеру»

«Наконт прычын нападу мне складана меркаваць, я ж яго ня бачыла месяц да таго, — кажа нам старэйшая сястра хлопчыка Ліза. — Адзінае, што магу сказаць, што, на маю думку, да такога ўчынку можа давесьці стан глыбокай дэпрэсіі. Гэта такая прычына, якую зараней і не разгледзіш».

Пра тое, што здарылася ў ягонай сям’і, Дзьмітры сам расказаў журналістам. Амаль штодня ён дэталёва апісвае сытуацыю ў сваім блогу. Пад допісамі зьбіраюцца сотні абураных камэнтатараў. Многія зь іх абвінавачваюць бацьку.

Галоўнае, што мяне мучыла — згрызоты сумленьня: я вінаваты, я дзіця не дагледзеў, я яго да гэтага давёў.

«Гэта іх погляд, я не магу камэнтаваць, — кажа Дзьмітры. — Калі гэта здарылася, я першую ноч правёў у шпіталі. Галоўнае, што мяне мучыла — згрызоты сумленьня: я вінаваты, я дзіця не дагледзеў, я яго да гэтага давёў».

Выйшаўшы са шпіталя праз тыдзень, Дзьмітры стаў літаральна расьсьледаваць жыцьцё сына.

«Я даведваўся больш, размаўляў зь іншымі людзьмі. Я лічу, што на тыя праблемы, якія былі ў нас у сям’і ў апошні час, наклаліся праблемы С., уплыў людзей, якія зьявіліся ў апошні час. І калі я ўсё гэта зразумеў, перастаў браць такую ўжо моцную віну на сабе. Цяпер я больш спакойны, мяне ўжо так ня носіць ад гневу да сьлёз», — кажа ён.

Цяпер Дзьмітры Цімашкоў хоча дамагчыся, каб сына апраўдалі і вызвалілі. Як патлумачыў Радыё Свабода юрыст, справа супраць хлопца заведзеная паводле прынцыпу „публічнага абвінавачаньня“. Тое, што ў бацькі зафіксаваныя цяжкія пашкоджаньні і вядомы падазраваны, ужо дае праваахоўным органам права распачаць перасьлед, не зьвяртаючы ўвагу на жаданьні пацярпелага.

«Сьледзтва бярэ самую першую простую вэрсію: удары ёсьць, пацярпелы ёсьць — усё выдатна. А ў мяне куча пытаньняў“, — абураецца бацька. — Я ня бачу замеру, заплянаванасьці; ня бачу, каб гэта было незавершанае злачынства, бо нож валяўся. Хацеў бы забіць — узяў бы сякеру! Навошта трэба было ножыкам тыкаць?»

Ён гатовы выхоўваць сына далей і кажа, што ўсё яму прабачыў.

«Спачатку, зразумела, у мяне былі папрокі, абвінавачаньні. Я разумею: што б ні было, замахвацца на жыцьцё нельга, гэта сьвятое, — тлумачыць ён. — Але цяпер я ня маю да яго аніякіх папрокаў. Гэта сваё, роднае».

Адзінае турбуе Дзьмітрыя: што зь СІЗА сын ня просіць аб кантакце з бацькам і не спрабуе патлумачыць яму, што вымусіла накінуцца з нажом.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG