Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры дні ўкраінскія памежнікі не прапусьцілі 85 расейцаў пасьля авіярэйсаў зь Менску


Кіеўскі аэрапорт «Барыспаль», фота ©Shutterstock
Кіеўскі аэрапорт «Барыспаль», фота ©Shutterstock

Усяго ўжо 85 расейцаў, якія ляцелі ў Кіеў, мусілі вярнуцца ў Менск. Такія зьвесткі прывёў прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі. Зь якіх прычын памежнікі Ўкраіны не прапусьцілі гэтых грамадзян, беларускаму боку не паведамляюць.

«Па стане на 10 гадзін раніцы 28 лістапада колькасьць расейцаў, якія не прайшлі памежны кантроль у аэрапортах Кіева і вярнуліся ў Менск, узрасла яшчэ на 38 чалавек, і цяпер іх 85. Гэта з панядзелка, 26 лістапада.

Вяртаньне тычыцца толькі авіярэйсаў у Кіеў, прычым сёньня ўжо ёсьць і тыя пасажыры, якія ляцелі ў Кіеў іншымі міжнароднымі авіякампаніямі, ня толькі „Белавія“. У нас няма зьвестак, каб вярнуліся пасажыры, якія ляцелі ў Львоў, Запарожжа, Адэсу ці Харкаў, зь якімі ў Менску ёсьць авіязносіны. Таксама няма зьвестак пра вяртаньне пасажыраў цягнікоў ці тых, хто едзе ва Ўкраіну зь Беларусі аўтатранспартам», — удакладніў Антон Бычкоўскі.

У 10 абласьцях Украіны абвешчана ваеннае становішча, якое працягнецца з 26 лістапада да 26 сьнежня. Ваеннае становішча было ўведзена ў сувязі з захопам 25 лістапада вайскоўцамі Расеі трох украінскіх вайсковых караблёў у Керчанскай пратоцы.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG