Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Кіеў не пусьцілі расейцаў, якія ляцелі «Белавіяй»? Тлумачыць амбасадар Украіны ў Беларусі


Абмежаваньні на ўезд ва Ўкраіну грамадзянаў Расеі тычацца перадусім бясьпекі, заявіў 27 лістапада на брыфінгу ў Менску амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Калі чалавек не зможа ўцямна патлумачыць, навошта ён едзе ва Украіну, то яго не пусьцяць. З гэтым Кізім зьвязаў інцыдэнт 27 лістапада, калі 50 грамадзянаў Расеі вярнулі з аэрапорту Кіева ў Менск.​

Па яго словах, шмат хто прыяжджае ва Ўкраіну, асабліва з Расеі, з мэтай правакацыі. Праз гэта будзе ўзмоцнены кантроль на мяжы, па лініі СБУ і Мінабароны падвысіцца ахова стратэгічных аб’ектаў, каб папярэдзіць магчымыя правакацыі. Гэта тычыцца найперш дзесяці абласьцей, але кіраўнікі на месцах будуць самі прымаць рашэньне, як у дадзенай сытуацыі сябе паводзіць.

Кізім таксама паведаміў, што папярэдзіў МЗС Беларусі пра афіцыйную пазыцыю Украіны наконт апошняга канфлікту, але ніякага адказу пакуль не атрымліваў. Ён дадаў, што Беларусь першай пачала ўмацоўваць межы, і гэта нават не ўкраінская ініцыятыва, а беларуская, калі Лукашэнка сказаў, што з Украіны ідзе шмат зброі.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG