Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск з Кіева вярнулі амаль 50 расейцаў, якія ляцелі самалётамі «Белавія»


Нацыянальны аэрапорт «Менск» ©Shutterstock

Амаль пяцьдзясят грамадзян Расеі, якія ляцелі ў Кіеў празь Менск, вярнулі ў беларускую сталіцу, бо іх не прапусьцілі ўкраінскія памежнікі, паведамляе Tut.by. Інфармацыю пацьвердзіў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Паводле інфармацыі расейскіх «Известий», увечары 26 лістапада памежнікі Ўкраіны не пусьцілі ў краіну каля 30 расейцаў, якія прыляцелі ў Кіеў (аэрапорт Жуляны) рэйсамі «Белавія». Авіякампанія мусіла адправіць расейцаў назад у Менск першым жа рэйсам.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі ў размове з Tut.by пацьвердзілі інфармацыю аб вяртаньні некаторых расейцаў.

«Пачынаючы з учорашняга дня амаль 50 чалавек вярнулі ў Менск. Гэта закранула чатыры рэйсы „Белавія“: тры ўчора і яшчэ адзін сёньня. Самая шматлікая група вернутых была сёньня. Калі ўчора вярнуліся 12 чалавек, дык сёньня — 35», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Бычкоўскі адзначыў, што да ўсіх гэтых расейцаў у беларускіх памежнікаў на вылеце пытаньняў ня ўзьнікла.

«Прычына няпропуску не называецца. Інфармацыі ад дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны па зьмяненьні парадку перасячэньня мяжы замежнымі грамадзянамі, у тым ліку Расейскай Фэдэрацыі, не паступала», — сказаў Бычкоўскі.

Менскі аэрапорт як транзытны для палётаў ва Ўкраіну выкарыстоўваюць у тым ліку пасажыры ўкраінскай авіякампаніі «МАУ». Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, з гэтых рэйсаў грамадзян Расейскай Фэдэрацыі ў Менск не вярталі.

Расея і Ўкраіна спынілі прамыя авіязносіны паміж краінамі 25 кастрычніка 2015 году. З тых часоў грамадзяне абедзьвюх краін вымушаныя дабірацца з адной у другую транзытам, празь іншыя дзяржавы, часта — празь Менск.

З ваенным становішчам гэта ня зьвязана — Памежная служба Ўкраіны

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не пацьвярджаюць інфармацыю пра колькасьць грамадзян Расеі, якім сёньня адмовілі ва ўезьдзе на ўкраінскую тэрыторыю.

«Вядома, пасьля агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая пачалася ў 2014 годзе, мы больш пільную ўвагу скіроўваем менавіта на грамадзян Расеі. Згодна з украінскім заканадаўствам мы можам адмовіць замежным грамадзянам ва ўезьдзе, калі яны ня могуць пацьвердзіць мэту сваёй паездкі або ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы», — паведамілі Свабодзе ў прэсавым цэнтры Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

У той жа час, паводле прадстаўніка прэсавага цэнтру, сёньняшнія дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў у аэрапорце не зьвязаныя з увядзеньнем ваеннага становішча ў 10 абласьцях Украіны:

«Ваеннае становішча будзе абвешчана толькі з заўтрашняга дня. Цяпер мы рыхтуем дакумэнты, якія вызначаць дзеяньні нашых падразьдзяленьняў на ўсіх участках мяжы пасьля ўвядзеньня асаблівага прававога рэжыму. Пакуль мы працуем у звычайным рэжыме».

26 лістапада Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла законам указ прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб увядзеньні ваеннага становішча ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны». ​

Ваеннае становішча будзе ўведзенае ад 28 лістапада на 30 дзён у дзесяці абласьцях Украіны, якія мяжуюць з Расеяй: Віньніцкай, Луганскай, Данецкай, Запароскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Харкаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Хэрсонскай.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG