У Дортмундзе суд фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія прысудзіў грамадзяніну Расеі і Нямеччыну 14 гадоў турэмнага зьняволеньня за арганізацыю выбухаў на шляху аўтобуса футбольнага клюбу «Барусія» (Дортмунд) 11 красавіка 2017 году.
Абвінавачаны, які прызнаўся ва ўчыненым — 28-гадовы расейскі немец Сяргей В. (яго імя не раскрываецца згодна зь нямецкімі законамі), хацеў зарабіць на падзеньні курсу акцый «Барусіі», адмяніўшы выбухамі матч клюбу ў Лізе Чэмпіёнаў з клюбам «Манака».
Аднак выбухі 11 красавіка 2017 года, на шчасьце для гульцоў, адбыліся крыху пазьней, чым было заплянавана зламысьнікам. Былі разьбітыя толькі шыбы ў задняй частцы клюбнага аўтобуса, а адзін з гульцоў «Барусіі» — цэнтральны абаронца гішпанец Марк Бартра — быў паранены ў руку асколкамі шкла.
Многія гульцы і тагачасны трэнэр каманды Томас Тухель перажылі шок. Матч быў перанесены на суткі. Абвінавачаны і яго абарона настойвалі на тым, што ён не хацеў ахвяр, але гэта супярэчыла таму факту, што бомбы былі начынены цьвікамі. Калі б частка гульцоў загінула, то «Барусія» выйшла б з турніру і тады фінансавы выйгрыш арганізатара выбухаў быў бы вельмі вялікі.
Сяргей В., дарэчы, заставаўся на момант атакі ў тым самым гатэлі, што і гульцы клюбу, і прывёў выбуховыя прылады ў дзеяньне, назіраючы за рухам аўтобуса з акна гатэлю. Пракуратура, якая даказвала віну ў замаху на забойства, у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў, у набыцьці выбухоўкі і прывядзеньні выбуховых прылад у дзеяньне патрабавала пажыцьцёвага зьняволеньня, абарона настойвала на тэрміне заключэньня менш за 10 гадоў.