Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія мэдыя абмяжуюць ананімныя камэнтары на сайтах зь 1 сьнежня


У офісе парталу Tut.by
У офісе парталу Tut.by

Як беларускія мэдыя падрыхтаваліся да новага патрабаваньня закону аб СМІ аб ідэнтыфікацыі камэнтатараў, які ўступае ў сілу з 1 сьнежня? Свабода апытала папулярныя сайты.

Савет Міністраў Беларусі 26 лістапада зацьвердзіў пастанову аб «парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выданьня». Пастанова набудзе моц 1 сьнежня разам з абноўленым законам «Аб СМІ».

«Гэту дурасьць давядзецца хутка зрабіць»

Заснавальнік Tut.by Юры Зісер

Юры Зісер
Юры Зісер

«Распрацоўка софту (праграмнага забесьпячэньня. —​ РС) ня робіцца за два-тры дні. Мы ўжо даўно падрыхтаваліся. Адзінае, цяпер давядзецца карэктаваць, каб можна было прывязаць акаўнт толькі да аднаго тэлефона. Гэту дурасьць давядзецца хутка зрабіць.

Зь цяжкасьцямі мы не сутыкнуліся, гэта звычайная праца. Думаю, што людзі хутка прызвычаяцца і перастануць пра гэта ўспамінаць.

Безумоўна, камэнтароў стане меней. Але магчыма, павялічыцца іх якасьць, бо з гэтым заўсёды былі праблемы, і людзі будуць крыху думаць, што пішуць. І ня будуць ствараць клоны. Бо ёсьць людзі, якія ствараюць па 10-15 клонаў за суткі. І крылы ў іх абрэжуцца, і мадэратарам будзе менш працы».

«Мы свой форум будзем закрываць»

Шэф-рэдактар Naviny.by Аляксандар Зайцаў

«Яшчэ раней мы прынялі рашэньне закрыць свой форум. У нас няма варыянтаў. Па-першае, мы ня моцна пацерпім, бо ён ня самы актыўны. Гэта быў дадатковы сэрвіс, якім карысталіся нашы сталыя чытачы. Магчыма, ім будзе шкада, але нічога ня зробіш. Затое адпадзе праблема змаганьня з інтэрнэт-тролямі, якіх, на жаль, вельмі шмат.

Па-другое, у нас няма фінансавых магчымасьцяў перарабляць софт пад патрабаваньні заканадаўства. Гэта дорага. Мы цяпер карыстаемся староньнім сэрвісам для камэнтароў, які нам каштуе каля 70 даляраў за год. Але ён не дае магчымасьці аўтарызацыі карыстальнікаў з дапамогай тэлефона праз СМС.

Таму з усіх бакоў нам прасьцей адмовіцца ад форуму».

У офісе БелаПАН і Naviny.by пасьля вобшуку па «справе Белта» у жніўні 2018
У офісе БелаПАН і Naviny.by пасьля вобшуку па «справе Белта» у жніўні 2018

​«З насьцярогай чакаем практыкі прымяненьня»

Галоўны рэдакатар Onliner.by Мікалай Казловіч

​«Для нас гэта не навіна. На Onliner.by магчымасьць валідацыі карыстальніка па нумары тэлефона была ўведзена даўно. Гэта зьвязана з тым, што наш сайт гэта ня толькі кантэнт, але і сэрвісы: каталёг тавараў, аўтабарахолка. А працаваць у бізнэс-сэгмэнце без валідацыі праблематычна.

Таму тэхнічна нам нескладана забясьпечыць патрабаваньні закону. Значна складаней уявіць, якой будзе практыка прымяненьня. Бо некаторыя нормы, у тым ліку пра адказнасьць пляцоўкі, неканкрэтныя.

Гаворка ідзе пра тое, якія камэнтары будуць прызнаныя не адпаведнымі заканадаўству. Хто будзе прымаць гэтае рашэньне, якімі крытэрамі кіравацца, ці будзе салідарная адказнасьць карыстальніка і пляцоўкі? Занадта многа невядомых у гэтым ураўненьні. Таму мы з насьцярогай чакаем менавіта практыкі прымяненьня нормаў, якія ўступяць з 1 сьнежня».

«У нас на сайце няма камэнтароў»

Галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Дзьмітры Жук

Дзьмітры Жук
Дзьмітры Жук

​«Калі вы заўважылі, у нас на сайце няма камэнтароў. Ад гэтага сайт нічога ня страчвае».

«Цягам трох-пяці дзён зьмяніць нешта складана»

Кіраўнік сайту газеты «Прессбол​»​ Юры Доўнар

«Першае ўражаньне — у нас усё ўжо так і працуе. Магчыма, там ёсьць нейкія палі кшталту „дзень нараджэньня“, чаго мы не запытваем. Магчыма, патрэбны нейкія касмэтычныя праўкі. Пакуль вывучаем.

Але першае ўражаньне, што рэгістрацыя ў нас заўсёды так і працавала. Але нашы юрысты яшчэ паглядзяць. Наш форум базуецца на рухавічку, які мы ня самі праграмуем, а купляем. Самі ўлезьці і нешта памяняць мы ня можам, але можам абнавіць да новай вэрсіі і паглядзець, ці ёсьць там тое, чаго вымагае закон.

Але зразумела, што цягам трох-пяці дзён зьмяніць нешта складана і павінен давацца нейкі час. СМС мы не пасылаем, але там і няма выразнай прывязкі да СМС. У нас у якасьці ідэнтыфікатару выступае электронны адрас».

«Давядзецца больш адпраўляць СМС»

Дырэктар сайту Av.by Дзьмітры Геранін

Дзьмітры Геранін
Дзьмітры Геранін

​«Нам давядзецца больш адпраўляць СМС за свой кошт, бо кожны нумар тэлефона павінен быць пацьверджаны. Колькі камэнтатараў мы ў сябе маем, столькі СМС дадаткова накіруем. Тэхнічных складанасьцяў тут няма.

Мы выкарыстоўваем староньняе праграмнае забесьпячэньне для камэнтаваньня. Нам цяпер неабходна перавязаць базу нашых карыстальнікаў, якія ўжо пакідалі тэлефоны, да гэтай сыстэмы. Калі мы не пасьпеем, то будзе затрымка на адзін-два дні, на якія мы адключым камэнтары. А потым яны зьявяцца ўжо з новым мэханізмам.

Але ў выніку камэнтароў стане меней разы ў два. Бо нумар тэлефона – гэта нешта прыватнае. Хоць мы і дагэтуль бралі нумары тэлефонаў у тых, хто разьмяшчаў рэкляму, ёсьць людзі, якія хочуць проста камэнтаваць».

«Заканадаўства даволі супрацьлеглае і неадназначнае»

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

​«Я ўжо атрымліваў звароты наконт пагадненьняў з карыстальнікамі, якія мусяць падрыхтаваць сайты. Зразумела, што гэта ненармальна, калі поўны тэкст такой пастановы выходзіць літаральна на некалькі дзён да пачатку выкананьня патрабаваньняў. Мы будзем весьці маніторынг рэакцый уладаў на рэакцыю інтэрнэт-рэсурсаў. Пакуль цяжка рабіць высновы, бо заканадаўства ў гэтай галіне, уключаючы гэту пастанову і закон аб СМІ, даволі супярэчлівае.

Пастанова прадугледжвае, апроч СМС, і іншыя сродкі ідэнтыфікацыі, але яны не прапісаныя. Таму не зусім зразумела, што дзяржава можа прызнаць легальным сродкам ідэнтыфікацыі.

Згадваецца, што інфармацыя пра асобаў, якія пакідаюць камэнтары, мусіць захоўвацца на сэрвэрах у Беларусі. Цяжка сказаць, як гэта будзе на практыцы. Пералічваецца інфармацыя, якая захоўваецца. Пакуль што электронная пошта і СМС выглядаюць найбольш рэальнымі мэтадамі ідэнтыфікацыі асобы. Магчыма, з пэўнымі дадатковымі патрабаваньнямі. Тэарэтычна дапускаю ідэнтыфікацыю і праз «Фэйсбук». Але фармулёўка вельмі расплывістая. Калі некаторыя адключаюць камэнтары — гэта рэакцыя на тое, што адбываецца.

Па-першае, гэта будзе значыць ня браць на сябе адказнасьць за зьмест гэтых камэнтароў.

Па-другое, каб пазьбегнуць пытаньняў з карыстальніцкімі пагадненьнямі, адсочваньнем усіх камэнтатараў і неабходнасьцю даваць інфармацыю пра іх шэрагу дзяржорганаў. Як казаў Зісер, у выніку тыя, хто спрачаецца цяпер у беларускім сэгмэнце інтэрнэту, будзе гэта рабіць у расейскім».

Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ

Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.

Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:

  • пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
  • абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
  • абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.

Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.

Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.

Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG