Увечары 26 лістапада ў Менску затрымалі былога палітвязьня Зьмітра Паліенку. У кастрычніку Паліенку вызвалілі з бабруйскай калёніі пасьля 1,5 года зьняволеньня.
Абноўлена 20:49: Зьмітра Паліенку адпусьцілі. Яго будуць судзіць 6 сьнежня, напісала ў фэйсбуку Марына Насенка.
А 17-й гадзіне Паліенка размаўляў з супрацоўнікам Заводзкага РАУС, які «маніторыць» былога палітвязьня, сказала Свабодзе сяброўка Паліенкі Наста. Паліенка казаў, што ня будзе наведваць прызначаныя яму пасьля вызваленьня лекцыі, «бо гэта незаконна».
А 18-й гадзіне Паліенку разам зь сяброўкай адвезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі № 2. У 18:45 супрацоўнікі Заводзкага РАУС паведамілі Насьце, што 26 лістапада Паліенку «наўрад ці адпусьцяць», на яго склалі два пратаколы і будуць судзіць 27 лістапада.
Што за лекцыі?
Паліенка знаходзіцца пад наглядам міліцыі і мусіць знайсьці «афіцыйную» працу. Да гэтага моманту Паліенка мусіць штодня з 17 да 18 гадзіны прысутнічаць у РАУСе на лекцыях па працаўладкаваньні.
«Ён хадзіў 3 разы, проста яны сядзелі гадзіну ў актавай залі і сыходзілі», — сказала сяброўка Паліенкі Наста.
Вязень сумленьня
За кратамі Дзьмітры прабыў больш за паўтара года. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Дзьмітрыя асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Сваёй віны ён не прызнаў.
Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.
За што быў пакараны
Дзьмітрыя Паліенку затрымалі ў Менску 29 красавіка 2016 году на акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Ёю больш за дзясятак удзельнікаў акцыі хацелі прадэманстраваць уладам недахопы арганізацыі роварнага руху на вуліцах сталіцы. Іхнім намерам перашкодзіла міліцыя. Большасьць з маладых людзей арыштавалі, але неўзабаве вызвалілі. За кратамі пакінулі Дзьмітрыя Паліенку і Станіслава Канавалава. 2 траўня Станіслава выпусьцілі. Дзьмітры застаўся ў няволі.
Абодвум выставілі абвінавачваньне ў «гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Пазьней Дзьмітрыю інкрымінавалі таксама «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».
12 кастрычніка, пасьля амаль паўгадовага зьняволеньня, Цэнтральны суд Менску пакараў актывіста на 2 гады зьняволеньня з двухгадовай адтэрміноўкай і пастанавіў вызваліць у залі суду.
7 красавіка 2017 году за парушэньне ўмоваў адбыцьця пакараньня суд Заводзкага раёну Менску адмяніў Дзьмітрыю адтэрміноўку. З улікам зьняволеньня, адбытага ў 2016 годзе пад вартай да суду, тэрмін пакараньня актывіста склаў паўтара года і 13 дзён.
Беларускія праваабронцы прызналі Дзьмітрыя Паліенку палітвязьнем і запатрабавалі тэрмінова яго вызваліць. Пазьней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць Зьмітра Паліенку, вязьня сумленьня, які быў зьняволены выключна за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў». Зварот яны разьмясьцілі на сваім сайце.