Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней бы кінулі ў карцэр, цяпер далі вымову». Палітвязень Паліенка — пра эфэктыўнасьць кампаніі салідарнасьці


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Палітвязень Зьміцер Паліенка даслаў на волю ліст, у якім ацаніў кампанію салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, якую праводзяць праваабаронцы зь Беларусі і сьвету. На сваім прыкладзе Зьміцер Паліенка лічыць, што гэтая кампанія ўжо дае плён.

Зьмест ліста Зьмітра Паліенкі перадала Марына Касінерава, якая актыўна лістуецца з палітвязьнем.

«Зьміцер мяркуе, што адміністрацыя калёніі пачала больш зьвяртаць увагу на падзеі вакол палітвязьняў і рэагаваць на іх. Ён прыводзіць свой прыклад. Нядаўна яму зрабілі тры заўвагі — што не пасьпеў павітацца, быў неакуратна адзеты і піў гарбату ў працоўны час. Раней, мяркуе, за гэта маглі адправіць у карцэр, але цяпер далі толькі дзяжурства і чарговую вымову.

Зьміцер вельмі ўсьцешаны і кажа, што гэта вынік салідарнасьці — таго, што пра яго пішуць мэдыі, што праваабаронцы і грамадзкія актывісты праводзяць кампаніі салідарнасьці.

Паводле Зьмітра, адміністрацыя не карае яго звыш меры, бо апасаецца міжнароднага розгаласу», — кажа Марына Касінерава.

Таксама, паводле яе зьвестак, Зьмітра Паліенку днямі вызвалілі ад ранейшай працы — ачысткі дратоў ад ізаляцыі, што ў Бабруйскай калёніі, дзе ён адбывае пакараньне, лічыцца вельмі цяжкай і шкоднай для здароўя працай.

«У яго зьявілася больш вольнага часу, шмат чытае, адказвае на лісты і паштоўкі. А іх яму прыходзіць усё болей, 26 траўня ў яго дзень народзінаў», — кажа Марына Касінерава.

У красавіку 2016 году грамадзкага актывіста Зьмітра Паліенку затрымалі за напад на міліцыянта падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Праз паўгода суд прысудзіў яму 2,5 года зьняволеньня з адтэрміноўкай. Увесну 2017 году Зьміцер Паліенка быў зноў арыштаваны, бо міліцыя палічыла, што ён парушыў умовы адбыцьця пакараньня — браў удзел у несанкцыянаваных акцыях. Пасьля другога суду Паліенку адправілі адбываць пакараньне ў Бабруйскую калёнію. Там яго некалькі разоў каралі карцэрам за дробныя парушэньні турэмнага рэжыму.

«6 дзён на тыдзень ачышчае драты». У Менску прайшла акцыя ў падтрымку Зьмітра Паліенкі. ФОТА

Выйсьці на волю Зьміцер Паліенка мае сёлета ў канцы кастрычніка. Беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку вязьнем сумленьня і патрабуюць перагляду ягонай справы. «Міжнародная амністыя» абвясьціла пра акцыю міжнароднай салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам і заклікала дасылаць яму лісты ў Бабруйскую калёнію.

«Уздыміце пытаньне рэпрэсій». Форум «Свабоду палітвязьням» зьвярнуўся да ўдзельнікаў «Менскага дыялёгу»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG