Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зразумець Беларусь». У Латвіі выдалі грунтоўнае дасьледаваньне пра суседзяў-беларусаў


У Латвіі выдадзена дакумэнтальна-даведачная кніга «Saprast Baltkrieviju» («Зразумець Беларусь»). Яна ахоплівае пэрыяд ад «узьяднаньня» заходняй часткі беларускай тэрыторыі (пад польскім пратэктаратам) і ўсходняй (пад бальшавікамі) у 1939 годзе і да нашых дзён.

Над выданьнем працаваў калектыў зь ліку знаных латвійскіх навукоўцаў, гісторыкаў, этнографаў, агулам дзесяць аўтараў. Бальшыня зь іх маюць доктарскія ступені, працуюць у Латвійскім унівэрсытэце ды іншых досьледных установах. Укладальнік — вядомы латвійскі журналіст Вальдэмарс Хэрманіс.

Жыхары беларуска-латыскага памежжа, пачатак ХХ ст.
Жыхары беларуска-латыскага памежжа, пачатак ХХ ст.

Пакуль у кнігарнях даступны толькі латыскамоўны варыянт, хоць, як перакананы адзін з актывістаў беларускага руху ў Латвіі, сузаснавальнік культурнага таварыства «Сьвітанак», мастак Вячка Целеш, кожнаму беларусу карысна было б дазнацца, як яго ўспрымаюць найбліжэйшыя суседзі.

«Вальдэмарса Хэрманіса тут добра ведаюць яшчэ ад савецкага часу, калі ён пачынаў у газэце „Цыня“ (Cina), аналягу нашай „Звязды“, — удакладняе Вячка Целеш. — Пасьля доўга працаваў у незалежных мэдыях, сапраўдны латыскі патрыёт. Менавіта ён прыдумаў гэты праект, здолеў аб’яднаць дасьледчыкаў, якія ў розны час зьвярталіся да тэмы беларуска-латыскіх стасункаў. Сярод іх Ілга Апінэ, Яніна Курсітэ, Астрыда Цыруле, Мара Віксна, Андрыс Спрогіс, Эрык Ёкабсанс, Эдвінс Эвартс, Андрыс Спрогіс, Іна Страждзіна».

Беларускае жыцьцё ў Латвіі зь Вячкам Целешам
Беларускае жыцьцё ў Латвіі зь Вячкам Целешам
Амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч
Амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч
Аповед пра палітыка Аляксандра Мілінкевіча
Аповед пра палітыка Аляксандра Мілінкевіча

Спадар Целеш — адзін з герояў кнігі. Гэтаксама як колішні амбасадар Беларусі ў Латвіі і былы палітвязень Міхаіл Марыніч, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, навуковец і палітык Аляксандар Мілінкевіч, іншыя грамадзкія і культурныя дзеячы.

Грамадзкі дзеяч Беларусі і Латвіі Кастусь Езавітаў (аўтар Вячка Целеш)
Грамадзкі дзеяч Беларусі і Латвіі Кастусь Езавітаў (аўтар Вячка Целеш)

Тэматычныя разьдзелы прысьвечаныя этнічным групам у кожнай краіне, жыцьцю пад нямецкай акупацыяй паабапал мяжы, беларускаму сьледу латыскага клясыка Яніса Райніса і латвійскаму пэрыяду ў жыцьці дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Кастуся Езавітава, сучаснаму палітычнаму і эканамічнаму становішчу ў Беларусі.

Супярэчнасьці самой Беларусі акрэсьленыя ўжо на вокладцы: беларуска з караваем і ў нацыянальным строі на фоне гістарычнага бел-чырвона-белага і афіцыйнага чырвона-зялёнага сьцягоў.

«Незалежны погляд экспэртаў павінен дапамагчы латышам лепш зразумець Беларусь як суседку, — кажа Вячка Целеш. — Спрадвек нашы народы жывуць побач, але поўнага ўзаемаразуменьня няма дагэтуль. Аўтары не павучаюць, не глядзяць зьверху — маўляў, мы эўрапейцы, а беларусы захрасьлі ў СССР. Падаюцца факты, а чытач ужо хай сам думае, як хто распарадзіўся сваім лёсам. Беларусы выбралі такі шлях, з гэтым трэба лічыцца. Упэўнены: каб яе перакласьці на беларускую мову, гэта была б цудоўная рэч. Нездарма ж кажуць: з боку любыя хібы відаць нашмат лепш».

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч
Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч

Вячка Целеш лічыць, што падобнай грунтоўнай працы, прысьвечанай Беларусі, іншыя геаграфічныя суседзі ня маюць. Праўда, пакуль што чытачы гэтага дасьледаваньня — выключна латыскамоўныя.

Краінавая візытоўка — трактар «Беларус»
Краінавая візытоўка — трактар «Беларус»

У Рызе на 100-годзьдзе незалежнасьці БНР узгадаюць Кастуся Езавітава

Чым расейскамоўныя ў Латвіі падобныя да беларускамоўных у Беларусі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG