Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазэрная атака на Данбасе. Сэпаратысты асьляпляюць украінскіх байцоў?


Сэпаратысты лазэрамі спрабуюць асьляпіць украінскіх вайскоўцаў на Данбасе. Пра гэта неаднаразова паведамлялі памежнікі — апошні такі інцыдэнт зафіксавалі ў кастрычніку. Таксама лазэрны прамень у сваіх справаздачах згадвалі і назіральнікі АБСЭ.

Што гэта за зброя і ці можна зь ёй змагацца? Разьбіраліся журналісты спэцыяльнага праекту Радыё Свабода «Донбас. Реалии».

У кастрычніку летась маніторынгавая місія АБСЭ ў станіцы Луганскай зафіксавала, як сэпаратысты накіроўваюць лазэр ў камэру назіраньня і выводзяць яе са строю. Праз год у тым самым месцы, на перадавой у станіцы Луганскай, лазэрныя прамяні зноў пашкодзілі камэру.

«Прыблізна 300 мэтраў на поўнач ад моста ў станіцы Луганскай на працягу каля 10 хвілін назіральнікі бачылі сіняе сьвятло, якое мільгала кожныя некалькі сэкундаў прыблізна 800 мэтраў на поўдзень. Удзельнік узброенага фармаваньня ў Луганску паведаміў місіі, што ўзброеныя фармаваньні ўжывалі лазэрнае абсталяваньне», — такую заяву апублікавала місія АБСЭ ў кастрычніку 2018 году.

Пра тое, што баевікі ўжываюць лазэр, упершыню заявілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны яшчэ ў 2016 годзе. Тады апёкі вачэй атрымалі адразу тры салдаты. Яны адначасова вялі назіраньне праз аптычныя прылады — яны ў разы ўзмацняюць дзеяньне праменя. На сёньня пацярпелых ад лазэру памежнікаў ужо пяцёра — усе атрымалі апёкі каля пункту пропуску «Мар’інка».

«Зь пяці пацыентаў толькі аднаго апэравалі. Чатырох вялі кансэрватыўна. У 4 з 5 аднавіўся [зрок. — РС]. Да 100%. Але я ж кажу: застаецца невялікая пляма, якую яны ўсё роўна працягваюць бачыць. На месцы апёку фармуецца рубец», — расказвае начальнік аддзелу афтальмалёгіі галоўнага клінічнага цэнтру Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Юлія Піманава.

У фондзе «Вярніся жывым», які дапамагае ўкраінскай арміі, кажуць: з боку баевікоў налічылі ня менш за 6 выпадкаў лазэрных атак, у якіх пацярпелі байцы.

«Гэта вельмі кароткі імпульс, велізарная энэргія за кароткую долю сэкунды. Стварыць у саматужных умовах гэта практычна немагчыма. Гэта павінна быць прамысловая ўстаноўка. Расея выкарыстоўвае Данецкую і Луганскую вобласьць як палігон для выпрабаваньняў усіх такіх магчымых відаў узбраеньняў. У тым ліку і лазэрных», — перакананы інструктар па снайпінгу з фонду «Вярніся жывым» Руслан.

Простыя лазэрныя прыборы ня здольныя моцна нашкодзіць байцам. Бачныя лазэры занадта прыкметныя і, да таго ж, трацяць эфэктыўнасьць на дыстанцыі.

«Сьвятло ня можа заставацца ў пучку такой маленькай плошчы на адлегласьці кілямэтра. Чым далей, тым больш будзе разыходзіцца пучок. З прычыны таго, што энэргія разыходзіцца на вялікую плошчу, на той элэмент, які павінен быць пашкоджаны, трапляе няшмат», — кажа загадчык аддзелу лазэрнай спэктраскапіі Інстытуту фізыкі НАН Украіны Анатоль Нягрэйка.

Анатоль Нягрэйка
Анатоль Нягрэйка

Як абараніцца ад лазэрнай зброі?

Абараніцца ад лазэру прапануюць фільтрамі з адмысловага шкла, якое не прапускае прамяні пэўнай даўжыні. Большасьць снайпэраў ВСУ з такімі прыборамі пакуль не сутыкаліся і ўпэўненыя ў сваёй маскіроўцы.

«Мы трэніруемся ў маскіроўцы, і часам ты ня можаш знайсьці свайго байца, які ляжыць за тры мэтры ад цябе. Ты яго ня бачыш. Таму выяўленьне снайпэра — гэта вельмі-вельмі вялікая праца», — кажа камандзір узводу снайпэраў Узброеных сілаў Украіны з пазыўным «Смайл».

Выкарыстаньне лазэраў, якія асьляпляюць, забаронена Канвэнцыяй аб негуманнай зброі. Яна дзейнічае з канца дзевяностых, і за гэты час яе падпісалі 108 краін. У тым ліку ЗША, Кітай і Расея. Тым не менш распрацоўка лазэрнай зброі ўсё роўна працягваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG