Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філёзаф Гаруноў: Баючыся распаду, Расея асымілюе мяншыні


Максім Гаруноў
Максім Гаруноў

Наш калега Рамазан Алпаут з сайту «Idel.Реалии» Татара-башкірскай службы РС пагаварыў з Максімам Гаруновым, філосафам і публіцыстам, пра мэтады прапаганды і розьніцу паміж расейскімі і кітайскімі падыходамі да асыміляцыі меншасьцяў.

— Ці выкарыстоўваецца мастацкая літаратура для прапаганды ў Расеі?

— Так, зразумела. Літаратура, папяровыя мэдыі — гэта як нашы сэрыялы і сацыяльныя сеткі толькі два стагодзьдзі таму. Сёньня расіяне гартаюць стужку і марнуюць процьму часу на сэрыялы. Два стагодзьдзі таму яны гарталі газэты і трацілі процьму часу на бясконца доўгія «рускія раманы». Што тычыцца прапаганды, то ўсякая дзяржава імкнецца кантраляваць мэдыі, «уплываць на розумы». Расея тут не выключэньне, а хрэстаматыйны прыклад. Ні ў кога не выклікае сумневу прапагандысцкая сутнасьць савецкага мастацтва. А пра часы да рэвалюцыі ў расейскіх літаратуразнаўцаў ёсьць спэцыяльны тэрмін «антынігілістычны раман».

Нігіліст Яўген Базараў — гэта ня вельмі пасьпяховая спроба намаляваць карыкатуру на юнака, які атрымаў у Нямеччыне дыплём мэдыка / інжынэра / агранома / геоляга / філёляга, вярнуўся ў Расею і вельмі незадаволены тым, што бачыць

Гэта раман, напісаны ў абарону манархіі, супраць падданых, якія мараць пра паскораную эўрапеізацыю краіны. Тургенеўскія «Бацькі і дзеці» — узор такой прапаганды. Нігіліст Яўген Базараў — гэта ня вельмі пасьпяховая спроба намаляваць карыкатуру на юнака, які атрымаў у Нямеччыне дыплём мэдыка / інжынэра / агранома / геоляга / філёляга, вярнуўся ў Расею і вельмі незадаволены тым, што бачыць. Тургенеў паказвае, што яго прэтэнзіі да цара і імпэрыі — гэта блазнота, глупства. Базараў — ён, вядома, разумны. Але дурань. Ён не разумее сьвет. Ён грубы да жанчыны, якую кахае, да бацькоў, да родных. І памірае па-дурному. Тургенеў намякае, што разумных юнакоў з дыплёмамі ня варта слухаць. Яны разумныя ў сваёй справе, у сваёй прафэсіі, але ў цэлым яны ня з гэтага сьвету. Трэба аддаць Тургеневу належнае: Дастаеўскі зайшоў куды далей. У «Бесах» яго Стаўрогін (аналяг Базарава) гвалтуе дзяўчынку. Цэлая частка прысьвечана апісаньню. Сёньня канал НТВ здымае нешта падобнае пра апазыцыю. Тургенеў так нізка ня падаў, але быў на мяжы.

«Бацькі і дзеці» выйшлі ў «Русском вестнике» у Міхаіла Каткова. Каткоў — гэта Дзьмітры Кісялёў і Уладзімір Салаўёў у адной асобе. Змрочная, людаедзкая прапаганда таго часу.

— Значыць, праз літаратуру ідзе палітыка асыміляцыі або ціску?

— Асыміляцыя і прывучэньне да пакоры. Дастаеўскі і Тургенеў вучаць быць пакорлівымі. У гэтым іх галоўная каштоўнасьць з пункту гледжаньня Масквы. На мой погляд, зьмяняючы ідэнтычнасьць на расейскую, чалавек засвойвае спэцыфічную маскоўскую культуру пакоры. Перш за ўсё, палітычнай пакоры, пакоры перад імпэратарам. У гэтым сэнсе асыміляцыя нярускіх — гэта прывучэньне іх да пакоры як да галоўнай «грамадзянскай дабрачыннасьці».

— Ці не прывядзе асыміляцыя да распаду імпэрыі?

— Гэта складанае пытаньне. З пункту гледжаньня Крамля, асыміляцыя і распаўсюджаньне культуры пакоры ўмацоўваюць краіну, робяць яе маналітнай.

Дастаеўскі і Тургенеў вучаць быць пакорлівымі. У гэтым іх галоўная каштоўнасьць з пункту гледжаньня Масквы

Цяпер у Расеі больш за 30 рознага роду нацыянальных утварэньняў. Крэмль добра памятае 1991 год, калі Савецкі Саюз распаўся па нацыянальных межах. Ёсьць гісторыя 1918 году, калі імпэрыя таксама распалася па нацыянальных межах. Ну, і агульная гісторыя распаду імпэрый. Яны ж усе распаліся, нават Югаславія. Зноў жа, па нацыянальных межах.

У Крамля, мяркуючы зь яго выказваньняў, ёсьць выразная сувязь — шматнацыянальнасьць азначае непазьбежнасьць распаду.

І адсюль рашэньне: прыбраць нацыі з палітычнай карты краіны. Калі атрымаецца, можна будзе захоўваць Расею ў цяперашніх яе межах бясконца доўга.

Лічбы, дарэчы, на баку Крамля. Удмурты і чувашы страчваюць прыблізна 1% насельніцтва за год. Гэта не азначае, што ўдмурты і чувашы выміраюць. Проста людзі вырашаюць, што яны больш не ўдмурты і ня чувашы, а расейцы.

— Гэта значыць, у рэшце рэшт, усіх асымілююць?

Удмурты і чувашы страчваюць прыблізна 1% насельніцтва за год. Гэта не азначае, што ўдмурты і чувашы выміраюць. Проста людзі вырашаюць, што яны больш не ўдмурты і ня чувашы, а расейцы

— Цяжка сказаць, але Крэмль у гэта верыць. І яму шанцуе. Людзі насамрэч адмаўляюцца ад сваёй ідэнтычнасьці. Крэмль проста дапамагае ім прыняць выгаднае яму рашэньне. Адсюль, напэўна, такія шчодрыя абяцаньні тым, хто дагэтуль не асыміляваўся: новыя навучальныя праграмы за кошт бюджэту, перападрыхтоўка выкладчыкаў, падручнікі. Крэмль упэўнены ў посьпеху.

— Нешта можа гэтаму перашкодзіць?

— Эканоміка ў першую чаргу. Ніхто ня ведае, ці будзе наша сыравіна карыстацца такім самым попытам заўтра. Калі не і сродкі раптам скончацца, невядома, да чаго гэта прывядзе. У 1991-ым, на фоне падзеньня коштаў на нафту, імпэрыя страціла свае найлепшыя калёніі.

— Выходзіць, актуалізацыя нацыянальнага пытаньня моцна залежыць ад стану эканомікі краіны?

— Нацыянальная палітыка Расеі наогул прывязаная да эканомікі. Мы пастаўляем на рынак сыравіну і нічога акрамя сыравіны. Пры гэтым, у карэннай Расеі карысных выкапняў няма.

Сыравіна здабываецца ў нацыянальных ускраінах. У калёніях, калі казаць мовай ХІХ стагодзьдзя. Ханты-Мансійская аўтаномная акруга — гэта прыкладна 60% расейскай нафты. Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга — гэта газ. Татарстан, Башкартастан — зноў нафта. Якуція — гэта алмазы.

Расея экспартуе шмат збожжа, але трэба разумець, што збожжа — гэта рэспубліка Адыгея, Стаўрапольскі і Краснадарскі край: рэгіёны з моцнай лякальнай ідэнтычнасьцю.

Гэта значыць, відавочна, што Масква кроўна зацікаўленая ў тым, каб рэспублікі і краі сталі пакорлівымі расейскімі абласьцямі, як Ліпецк і Разань. Гэта пытаньне выжываньня.

— Калі вярнуцца да мэтадаў Кітаю і Расеі. Выходзіць, у справе асыміляцыі меншасьцяў Кітай груба дзейнічае, а Расея — ювэлірна?

— Выходзіць, што так. Але майце на ўвазе, што Расейская імпэрыя стала мякчэйшая зусім нядаўна. Можна прыгадаць, якім чынам Беларусь стала праваслаўнай. Яна ж яшчэ на пачатку ХІХ стагодзьдзя была ўніяцкай, як Львоў сёньня. Беларусы перайшлі ў праваслаўе пасьля вялікай вайсковай апэрацыі па ліквідацыі уніі. Вайсковай, разумееце? З удзелам казакоў. Чым гэта не кітайскі рэцэпт асыміляцыі?

— А калі пачалося зьмякчэньне?

— Ужо напярэдадні Грамадзянскай вайны. Як піша гісторык Аляксей Мілер, бліжэй да канца Раманавы пачалі рабіць фота ў вышыванках. Ленін і яго партыя дэманстратыўна адмовіліся ад асыміляцыі. Яе замяніла каранізацыя: палітыка прызнаньня і заахвочваньня нерасейскіх ідэнтычнасьцяў. Ленін заляцаўся да ўскраінаў, каб утрымаць іх. Барон Урангель ў апошнія месяцы быў гатовы прызнаць незалежнасьць Украіны і згаджаўся на фэдэрацыю.

Як ні дзіўна, у СССР стаўленьне да нерасейцаў было значна больш памяркоўнымі, чым апошнія Раманавы. Гвалт у цэлым перастаў быць масавым, стаў кропкавым. Калі вы рабочы або калгасьнік і гаворыце на ўдмурцкай мове, вас не чапалі. Больш за тое, вашы нацыянальныя пачуцьці паважалі. Але калі вы пісьменьнік, паэт, гісторык, наогул гуманітарый і ў вас гучнае імя, вы апыналіся ў зоне рызыкі.

— Гэта значыць, замест усяго народу, як у Кітаі, у лягер едуць толькі яго паэты і пісьменьнікі зь імем? У гэтым зьмякчэньне?

— Так, і ўлічыце: гэта быў вялікі прагрэс для Расейскай імпэрыі. У нашы дні, наколькі я магу меркаваць, адмовіліся і ад ціску на паэтаў. Засталіся толькі праваабаронцы. На фоне брутальнага расейскай мінуласьці і брутальнай кітайскай сучаснасьці гэта амаль траваедная палітыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG