Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў латвійцаў з 100-годзьдзем незалежнасьці


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка павіншаваў прэзыдэнта Латвіі Раймандса Вэюаніса і народ гэтай краіны з 100-годзьдзем абвяшчэньня Латвійскай Рэспублікі, паведамляе БелТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што для кожнай краіны сувэрэнітэт ёсьць надзейным падмуркам для росквіту і разьвіцьця ва ўсіх абласьцях, галоўным сымбалем прагрэсу і мірнага жыцьця.

«У Беларусі высока ацэньваюць дасягненьні Латвіі за пэрыяд незалежнасьці, падвышэньне аўтарытэту дзяржавы на міжнароднай арэне», — гаворыцца ў віншаваньні.

У Беларусі сёлета 25 сакавіка грамадзкасьць сьвяткавала 100 гадоў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Шматтысячны мітынг-канцэрт улады дазволілі, але на дзяржаўным узроўні дата шырока не адзначалася.

Дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на будынку, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР, улады не далі дагэтуль.

У Беларусі тым часам на дзяржаўным узроўні і з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адзначаецца 100-годзьдзе камсамолу, утворанага ў кастрычніку 1918 году пад першапачатковай назвай «Расейскі камуністычны саюз моладзі».

Выданьне Адміністрацыі прэзыдэнта, якое нядаўна зьмяніла назву з «Советская Белоруссия» на «Беларусь сегодня», вырашыла адзначыць 25-годзьдзе інстытуту прэзыдэнцтва ў Беларусі і заявіла, што да Аляксандра Лукашэнкі фактычна ​не было беларускай незалежнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG