Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я два дні на леках». Настаўніцу музычнай школы, дзе дзеці займаліся безь сьвятла, звольнілі


У музычнай школе вёскі Падлабеньне Горадзенскага раёна дзеці з пачатку чвэрці займаліся безь сьвятла. Калі фатаздымкі ўроку пры ліхтарыках трапілі ў сеціва, настаўніцу звольнілі.

Фатаздымкі зьявіліся на старонцы горадзенскага актывіста Анатоля Мышкевіча ўвечары 13 лістапада.

Сьвятла не было з красавіка

Музычная школа ў Падлабеньні — філіял Абухаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Тут вучыцца каля 20 дзяцей. Граюць на фартэпіяна, духавых інструмэнтах, баяне, акардэоне, балалайцы.

Уласна музычная школа стаіць побач зь сельсаветам, але дзяцей надта шмат, і таму ў будынку, які належыць ЖКГ, арандуецца яшчэ адно памяшканьне. Сьвятло не было праведзена ў другой, арандаванай, частцы. Кожны арандатар мусіў падключыць электрычнасьць самастойна і асобна ўсталяваць электралічыльнік. Чаму за некалькі месяцаў гэта не было зроблена, невядома.

У другую зьмену дзеці па раскладзе павінны былі займацца прыкладна да 19:30.

Як кажа настаўніца Алена, чые здымкі трапілі ў сеціва, праблемы са сьвятлом пачаліся сёлета ў красавіку. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла Свабодзе і яшчэ адна настаўніца школы, прыгадаўшы, што праблему абмяркоўвалі на школьным пэдсавеце.

Увесну і на пачатку навучальнага году было яшчэ досыць сьветла. Але позьняй восеньню цемра стала ўсё больш адчувальнай. Дзеці займаліся пры ліхтарыках. Алена старалася так плянаваць час, каб увечары не чытаць, не пісаць, а, прыкладам, слухаць музыку або сьпяваць.

Фота выклала ў закрытую школьную групу для дырэктаркі

Яна ня раз казала кіраўніцтву, што сьвятло трэба правесьці. Чарговым разам нагадала пра гэта на пэдагагічнай радзе ў школе напрыканцы першай чвэрці.

Бацькі на адсутнасьць сьвятла ёй ня скардзіліся.

Урэшце калегі папрасілі яе зрабіць фатаздымкі і выкласьці ў групу школы ў Viber, каб дырэктарка Абухаўскай школы схадзіла зь імі ў райвыканкам і прысьпешыла вырашэньне праблемы.

Настаўніца зрабіла фота ўвечары 13 кастрычніка і выклала ў чат. Як яны трапілі адтуль у агульны доступ, яна ня ведае. Сама яна фота больш нікуды не перадавала. Доступ да групы мелі толькі іншыя настаўнікі, бацькоў вучняў там не было.

«Я б да гэтага не дадумалася. Усё ж такі свой калектыў, адна сям’я. Гэта сапраўды падставіць усіх. Ня ведаю, хто гэта зрабіў, але ён, напэўна, не чакаў такога», — кажа Алена.

На наступны дзень ёй сказалі, што ўрокі часова трэба праводзіць у памяшканьні вясковай бібліятэкі, дзе ёсьць сьвятло.

Алена спрабуе апраўдацца, чаму сама не пайшла да начальніка аддзелу культуры:

«Я ж па галовах ня буду. У мяне ёсьць дырэктар, намесьнік дырэктара, загадчыца філіялу. Дырэктарка казала, што пытаньне спрабуюць вырашыць», — кажа Алена.

«Нам усё роўна, хто гэта зрабіў»

Пасьля таго як інфармацыя займела розгалас у інтэрнэце, Алену выклікала кіраўніцтва школы. Ёй далі падпісаць заяву аб звальненьні.

«Як мне сказалі сёньня, нам усё роўна, хто гэта зрабіў, якія ў вас былі думкі, хто гэта ў інтэрнэт выкладваў. Ніхто ня слухаў. Далі блянк на звальненьне, я падпісала. Ня ведаю, чым бы скончылася, калі б я не падпісала», — кажа Алена, стрымліваючы сьлёзы.

Алене 46 гадоў. Яна мае музычную адукацыю. Музыку выкладае каля 20 гадоў. Жыве ў Горадні, працавала ў вясковых музычных школах. Дзе цяпер шукаць працу, яна ня ведае. Хацела б вярнуцца ў сваю школу дапрацаваць хаця б да канца навучальнага году. У яе дзіця вучыцца платна.

«Мне б уладкавацца хоць куды-небудзь. Сытуацыя цяжкая. Я ўжо другі дзень на леках», — кажа жанчына.

Сьвятло ў музычнай школе абяцаюць правесьці праз тыдзень. Алена ў ёй працуе сёньня апошні дзень.

На момант публікацыі нам не ўдалося скантактавацца з дырэктаркай Абухоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG