Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не разумелі, што пагражае расстрэл?» Жыхара Рэчыцкага раёну судзяць за забойства 34-гадовай даўнасьці


Гомельскі абласны суд распачаў разгляд справы аб забойстве таксіста, учыненым 34 гады таму. Злачынства раскрылі толькі цяпер. Паводле Сьледчага камітэту, выявіць меркаванага забойцу дапамагло супадзеньне адбіткаў далоняў і біялягічнага матэрыялу.

Абвінавачаны ў забойстве таксіста — 55-гадовы жыхар Рэчыцкага раёну Ігар Севярынец — цалкам адмаўляе віну. На момант забойства яму быў 21 год. Забітаму Міхаілу Бухману — 23.

Ігар Севярынец у 80-я скончыў вучылішча, адслужыў у войску і ўладкаваўся ахоўнікам на гомельскі завод «Крышталь».

23-гадовы Міхаіл Бухман працаваў таксістам. 27 лютага 1984 году ён не вярнуўся са зьмены. Цела маладога чалавека знайшлі паўаголеным на заледзянелым возеры. Злачынцы нанесьлі яму ня менш за 47 удараў. Сьледзтва падазравала, што злачынства было ўчынена з мэтай рабунку. Злачынцы выкралі выручку (каля трох рублёў), партманэт, гадзіньнік і іншыя дробязі.

Абвінавачаны палову жыцьця правёў за кратамі

Пацярпелыя па справе — дзьве сястры і брат забітага таксіста. Усе яны жывуць цяпер у ЗША і адмыслова прыляцелі ў Беларусь, каб удзельнічаць у судзе. Пра тое, што меркаваны забойца іх брата знойдзены, даведаліся зь беларускіх навін.

З 1985 году абвінавачаны быў судзімы 12 разоў. Агулам ён правёў за кратамі 23 гады. Сядзеў за крадзяжы, рабунак, скраданьне аўтамабіля. У 2016 годзе, калі Ігар чарговы раз трапіў за краты, да яго прыйшлі сьледчыя з новай прэтэнзіяй — падазрэньні ў забойстве, учыненым 34 гады таму. Па вэрсіі сьледчых, сучаснае тэхнічнае абсталяваньне дапамагло вызначыць, што адбіткі, пакінутыя злачынцам на крыле аўтамабіля «Волга», супадаюць з адбіткамі далоняў Ігара Севярынца.

Першапачаткова абвінавачаны прызнаўся ў забойстве, даваў паказаньні. Потым адмовіўся ад сваіх сьведчаньняў, пачаў пісаць скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і даводзіць, што «опэры» прымусілі яго агаварыць сябе пад ціскам.

«Опэры» пагражалі мне «прэс-хатай»

Па вэрсіі абвінавачанага, падзеі разьвіваліся наступным чынам.

«Прыйшоў „опэр“, калі я ў 2016 годзе сядзеў у СІЗА, прапанаваў прайсьці паліграф. Зь якой мэтай — ня ведаю. Потым мне прад’явілі, што я забіў таксіста, што на месцы забойства знайшлі маю ДНК. „Опэр“ мне пагражаў. Я падпісаў яўку», — сьведчыў на судзе абвінавачаны.

Паводле яго, на такую меру ён пайшоў, каб ад яго «адчапіліся» і каб хутчэй трапіць зь СІЗА ў папраўчую калёнію.

«Мусіў галадаць, каб выпусьцілі скаргі на пракуратуру», — казаў Ігар Севярынец.

Ён дадаў, што здолеў перадаць скаргі на пракуратуру празь людзей, якія вызваляліся з папраўчай калёніі. У час сьледзтва абвінавачаны даваў паказаньні на свайго сябра маладосьці. Таксіста забівалі два чалавекі.

«Я даў паказаньні на свайго сябра маладосьці, бо больш не было на каго даць, а „опэр“ патрабаваў назваць саўдзельніка. „Опэр“ мне ўсё дыктаваў, як пісаць, якія даваць паказаньні: як і дзе спынялі таксі, як і чым забівалі. Я не забіваў. Але ў мяне не было выйсьця тады, „опэр“ маніпуляваў мной, пагражаў „прэс-хатай“ (турэмная камэра, дзе адміністрацыя стварае для вязьня невыносныя ўмовы. — РС)», — казаў абвінавачаны.

Паводле яго, «опэр» абяцаў, што забойства яму не інкрымінуюць, толькі рабунак. Другі злачынца, дарэчы, да гэтага часу не ўстаноўлены. Сябруку, на якога паказваў Ігар Севярынец як на саўдзельніка, абвінавачаньне не было выстаўлена.

У час сьледзтва абвінавачаны адмовіўся ад сваіх паказаньняў і запатрабаваў адваката.

«„Опэр“ сказаў: „Зараз табе будзе адвакат!“ — і да мяне паклікалі начальніка апэратыўнай часткі СІЗА», — сказаў Ігар Севярынец.

Ён дадаў, што «опэр» за паказаньні даў яму цыгарэты і гарбату.

«Не разумелі, што вам пагражае расстрэл?»

У судзьдзі Івана Котава ўзьнік шэраг пытаньняў да абвінавачанага.

«Колькі ў нас сядзіць людзей у турмах? Вы ж там часта бываеце, 23 гады адседзелі. Мала хіба людзей сядзіць? Але чаму „дрэнныя опэры“ прыйшлі менавіта да вас, Севярынца, а не Пятрова ці Сідарава? Вы ж юрыст лепшы, чым хто, у вас, умоўна кажучы, чатыры юрыдычныя адукацыі! Няўжо не разумелі, чым вам пагражае прызнаньне ў забойстве? Разумелі, да чаго вас падштурхоўваюць супрацоўнікі міліцыі? Гэта ж ня курыцу скрасьці! Можа, яшчэ прызнаецеся ў забойстве каго-небудзь? Не разумелі, што вам пагражае расстрэл, і ўсё роўна пісалі яўку, давалі паказаньні?» — спытаўся судзьдзя.

Абвінавачаны казаў, што сапраўды шмат адседзеў, але чаму «опэры» прыходзілі менавіта да яго — ня ведае.

Аспрэчвае ён і вынікі экспэртызы па адбітках далоняў.

«Раней, у 80-х, міліцыянты бралі адбіткі толькі фалангаў пальцаў, а не далоняў. Адбіткі далоняў пачалі браць пазьней, недзе ў 90-х», — сьведчыў Ігар Севярынец.

Судзьдзя зазначыў, што за час сьледзтва абвінавачанага часта перавозілі зь СІЗА ў папраўчую калёнію і назад. «Вы ўжо не баяліся „прэс-хаты“, калі зноў, і не адзін раз, траплялі ў СІЗА?» — пацікавіўся судзьдзя.

«Я тады напісаў заяву ў пракуратуру, і тады ўжо не баяўся», — адказаў абвінавачаны.

Суд працягваецца. Наперадзе — допыт сьведак, пацярпелых, вывучэньне доказаў справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG