Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы зь Мядзела, якога судзяць за зьбіцьцё жанчыны, у апошнім слове плакаў і прасіў прабачэньня


У Маладэчанскім раённым судзе прагучалі апошнія словы падсудных у працэсе над 4 супрацоўнікамі Мядзельскага ўпраўленьня Сьледчага камітэту і судмэдэкспэрта.

Адзін з падсудных, сьледчы Максім Валеўка, абвінавачваецца ў зьбіцьці Вольгі Даўжук зь Мядзела, іншыя — ва ўтойваньні гэтага злачынства.

За гэта на лаве падсудных разам са сьледчым Валеўкам апынуліся начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Аляксандар Штур, ягоны намесьнік Міхаіл Сакалдынскі, супрацоўніца ўпраўленьня Ганна Сакалдынская і судмэдэкспэрт Алена Кабіценка.

Асноўны фігурант справы сьледчы Максім Валеўка ў апошнім слове прызнаў, што ўдарыў міліцэйскай дубінкай пацярпелую і патлумачыў свой учынак тым, што празь цяжкую службу ў яго здалі нэрвы.

Падсудны плакаў і прасіў прабачэньня.

«Можа, гэта некарэктна. Але павінен папрасіць суд пры вынясеньні прысуду не глядзець на іншую сілу і структуру, якая стаіць за гэтай справай»,— заявіў Максім Валеўка.

Справа была заведзеная па ініцыятыве КДБ.

Іншыя фігуранты справы прызналі, што неналежным чынам правяралі ўчынак свайго калегі, але тлумачылі гэта не кар’ернымі меркаваньнямі, а тым, што «хацелі дапамагчы таварышу».

Сьледчы біў і пагражаў завезьці ў лес

​Службоўцаў абвінавачваюць у злачынствах супраць інтарэсаў службы паводле артыкулу 426 КК Рэспублікі Беларусь. Пакараньне за гэта можа быць ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пракурор папрасіў абвінавачаным ад 3 да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле Вольгі Даўжук, сьледчы Максім Валеўка падчас пошукаў зьніклага ў яе тэлефона выцяў яе гумавай дубінкай па назе так, што зрабіліся гематомы. «Расказвай, куды тэлефон падзела, с...ка!», — казаў, паводле пацярпелай, сьледчы і пагражаў адвезьці ў лес, прыкаваць кайданкамі да дрэва і там біць.

Аднак, калі скарга на такія дзеяньні сьледчага дайшла да ягонага начальніка, справу «замялі». Пачалося расьсьледаваньне дзеяньняў сьледчага СК толькі пасьля ўмяшаньня КДБ. З моманту затрыманьня ў красавіку 2018 году ўсе фігуранты справы ўтрымліваюцца пад вартай.

Пацярпелая: мне іх шкада

Пацярпелая Вольга Даўжук цяпер знаходзіцца ў шпіталі на захаваньні цяжарнасьці. Сувязь зь ёй суд меў праз інтэрнэт. «У мяне прэтэнзіі ў асноўным да Максіма, але мне ўсіх шкада, мы ж з аднаго краю. Як іх караць? Сказала суду, хай караюць на іх погляд», — паведаміла Вольга Даўжук карэспандэнту Свабоды.

Прысуд сьледчаму Мядзельскага СК Максіму Валеўку ды іншым падсудным у гэтай справе прагучыць 22 лістапада аб 11-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG