Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбоцкая спажывецкая каапэрацыя збанкрутавала: пазыкі на 9,4 млн рублёў, сама каштуе 5 млн


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Толькі на Віцебшчыне ўжо банкрутуюць Браслаўскае, Полацкае і Шумілінскае таварыствы спажыўцоў, чакаецца таксама банкруцтва Аршанскага.

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прызнаў Глыбоцкае раённае спажывецкае таварыства (РСТ, «райпо») банкрутам, піша БелТА. Таварыства маюць ліквідаваць да 31 траўня 2019 году.

Антыкрызіснай кіраўніцы Натальлі Шваб давядзецца разабрацца з запазычанасьцю на 9,4 млн рублёў — патрабаваньні да таварыства заявілі ўжо каля 300 крэдытораў, але іх колькасьць «патэнцыйна можа вырасьці прыблізна ў два разы». Пры гэтым маёмасьць прадпрыемства ацэньваюць толькі ў 5 млн рублёў, але падчас інвэнтарызацыі выявілі шмат няўлічанай маёмасьці.

«Аздараўленьне» прадпрыемства суд прызнаў немэтазгодным. Яно стала неплатаздольным, як сьцьвярджаецца, праз страту рынкаў збыту, значнае перавышэньне выдаткаў над даходамі, назапашваньне пені па падатках і іншых плацяжах і ўрэшце — «фактычнае спыненьне дзейнасьці».

Былых работнікаў Глыбоцкага райпа, як сьцьвярджаецца, уладкавалі ў прадпрыемства Докшыцкага РСТ «АльянсКаапТорг», якое цяпер займаецца абслугоўваньнем жыхароў Глыбоччыны. Колькі крамаў пры гэтым захавалася, а колькі закрыта, не ўдакладняецца.

Белкаапсаюз (Белспажыўсаюз), які аб’ядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — найбуйнейшая гандлёвая сетка Беларусі. Яна складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў. Летась Белкаапсаюзу споўнілася 100 гадоў. Гэтую структуру называюць і найбуйнейшым дзяржаўным раздробным гандляром. Апроч крамаў, яна мае сетку кавярняў.

Структуры Белкаапсаюзу таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем каштоўных пародаў пушных зьвяроў, скупляюць у людзей ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя аддзелы, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш як 86 тысяч чалавек.

Белкаапсаюз: найбуйнейшая гандлёвая сетка перажывае крызіс

Сетка Белкаапсаюзу складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпо»). Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам.

  • Цяпер спажывецкая каапэрацыя перажывае крызіс: крамы і сталоўкі зачыняюцца, кіраўніцтва арганізацыі страсаюць карупцыйныя скандалы.
  • Структуры Белкаапсаюзу займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы.
  • Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.
  • Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці.
  • 704 «аўталаўкі» дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.
  • Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Яго папярэднік Сяргей Сідзько і першы намесьнік Дзьмітры Баранаў адбываюць пакараньне за хабары і злоўжываньне ўладай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG