Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў скарачэньнямі ў найбуйнейшай гандлёвай сетцы Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

«Страсянуць» сыстэму спажывецкай каапэрацыі загадаў Аляксандар Лукашэнка 24 верасьня падчас сустрэчы зь кіраўніком Белкаапсаюзу Валерам Івановым. Таксама кіраўнік дзяржавы ўхваліў пашырэньне ў рэгіёнах гандлёвых сетак «Эўраопту» і «Кароны».

Што сказаў Лукашэнка?

  1. Вызначыць кірунак разьвіцьця і росту эфэктыўнасьці Белкаапсаюзу.
  2. Правесьці ў лютым 2019 году нараду аб выніках сёлетняй дзейнасьці.
  3. «Трэба страсянуць усю сыстэму».
  4. Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў «інфармацыю нэгатыўнага пляну» аб дзейнасьці арганізацыі.
  5. Гандлёвыя сеткі «Эўраопт» і «Карона» — «харошыя» і «мабільныя», яны «ідуць на поле дзейнасьці» Белкаапсаюзу.
  6. Спажывецкай каапэрацыі трэба больш увагі надаваць закупкам садавіны і гародніны ў насельніцтва.
  7. Трэба зьвярнуць увагу на колькасьць супрацоўнікаў. Калі Белкаапсаюз ня будзе канкурэнтаздольным, няма сэнсу трымаць «нейкую арганізацыю».
  8. Падкрэсьліў, што выступае за захаваньне арганізацыі, але трэба «паглядзець на яе расплюшчанымі вачыма».

Пашырэньне «Эўрагандлю» як частка аршанскага экспэрымэнту

«Эўрагандаль» (кампанія — уладальніца брэндаў «Эўраопт», «Брусьнічка» і «Е-дастаўка») цяпер «упёрся» у абмежаваньні антыманапольнага заканадаўства: крамы кампаніі маюць амаль 20% ад усяго раздробнага тавараабарачэньня, адкрываць новыя будзе нельга пасьля перавышэньня ліміту. У найбліжэйшага канкурэнта — «Кароны» — доля ў 8 разоў меншая.

  • У чэрвені «Эўрагандаль» ужо прасіў Міністэрства гандлю зьмяніць абмежаваньне долі рынку. У ліпені асобным указам Лукашэнка зьняў абмежаваньне ў Аршанскім раёне да 2022 году — указ зваўся «Аб правядзеньні экспэрымэнту».
  • За год сетка крамаў «Эўрагандаль» вырасла на 25%. У Беларусі ўжо больш за 600 крамаў «Эўраопт» і «Брусьнічка».
  • Рэклямныя навіны пра «Эўраопт» у дзяржаўных СМІ часта не пазначаюцца як рэкляма.

Летась у верасьні Лукашэнка ўхваліў прыход у сельскі гандаль сеткі гіпэрмаркетаў «Карона» — у размове з уладальнікам ААТ «Тытунь-інвэст» і «Кароны» Паўлам Тапузідзісам. Першы такі праект рэалізуецца ў Шклоўскім раёне на Магілёўшчыне.

Белкаапсаюз – найбуйнейшая гандлёвая сетка Беларусі

Сетка Белкаапсаюзу складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпо»). Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам.

  • Цяпер спажывецкая каапэрацыя перажывае крызіс: крамы і сталоўкі зачыняюцца, кіраўніцтва арганізацыі страсаюць карупцыйныя скандалы.
  • Структуры Белкаапсаюзу займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы.
  • Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.
  • Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці.
  • 704 «аўталаўкі» дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.
  • Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Яго папярэднік Сяргей Сідзько і першы намесьнік Дзьмітры Баранаў адбываюць пакараньне за хабары і злоўжываньне ўладай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG