Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першаму намесьніку старшыні Белкаапсаюзу прысудзілі 7 гадоў турмы


Адна з крамаў Белкаапсаюзу. Фота з афіцыйнай старонкі Белкаапсаюзу «Ўкантакце»

Суд Першамайскага раёну Менску 3 жніўня асудзіў першага намесьніка старшыні Белкаапсаюзу Дзьмітрыя Баранава на 7 гадоў калёніі, піша БелТА.

Паводле сьледзтва, зь верасьня 2015 па красавік 2017 году Баранаў атрымліваў хабар на суму больш як 2400 даляраў ад сваёй даверанай асобы за пагашэньне крэдыторскай запазычанасьці перад фірмай. З камэрцыйнай фірмай разьлічыліся на суму звыш 360 000 рублёў.

Баранава прызналі вінаватым у атрыманьні хабару, 7 гадоў ён правядзе ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду яго таксама пазбавілі права займаць пэўныя пасады.

Давераную асобу Баранава прызналі вінаватай у даваньні хабару і прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Баранава затрымалі ў красавіку 2017 году «ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб карупцыі».

Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Да яго гэтую пасаду займаў Сяргей Сідзько, якога ў 2015 годзе Вярхоўны суд пакараў за хабар і злоўжываньне ўладай 12 гадамі турмы.

Самая буйная гандлёвая сетка Беларусі

Белкаапсаюз (Белспажыўсаюз), які аб’ядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — самая буйная гандлёвая сетка Беларусі, яна складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпо»). Летась Белкаапсаюзу споўнілася 100 гадоў. Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам. Апроч крамаў, яна мае сетку кавярняў.

Структуры Белкаапсаюзу таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем каштоўных пародаў пушных зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.

Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці. 704 «аўталаўкі» дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG