Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочам «Эўраопт» і «Карону», — жыхары Лунінца змагаюцца за гіпэрмаркет


Крама спажывецкага таварыства ў Лунінцы

Лунінецкі раён на Берасьцейшчыне — адзін зь нешматлікіх рэгіёнаў Беларусі, дзе няма вялікіх супэрмаркетаў прыватных гандлёвых сетак.

Людзі зьвяртаюцца з просьбамі аб адкрыцьці ў іх гіпэрмаркетаў «Эўраопт», «Карона» ці нейкіх іншых. Але пакуль безвынікова.

Жыхары Лунінца набываюць тавары пераважна ў крамах Белкаапсаюзу. У горадзе шырока разьвітая сетка гандлёвых пунктаў раённага спажывецкага таварыства (РСТ), а таксама крамаў, якія належаць чыгунцы.

Ёсьць і прыватныя крамы. Але звычайна гэта зусім маленькія гандлёвыя пункты, якія абслугоўваюць, бадай, толькі жыхароў некалькіх дамоў, што паблізу. Папулярных у іншых рэгіёнах гіпэрмаркетаў тут няма.

Паўтары тысячы подпісаў за гіпэрмаркет

Жыхары гораду абураюцца, кажуць, што праз адсутнасьць канкурэнцыі цэны ў крамах істотна вышэйшыя, чым у суседніх раёнах. Але чыноўнікі не жадаюць вырашаць гэтую праблему, кажа мясцовы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леанід Дубаносаў:

Леанід Дубаносаў
Леанід Дубаносаў

«Сюды проста нікога не пускаюць. У Лунінцы і ў раёне сапраўды манаполія спажывецкага таварыства. Дарэчы, кіруе гэтай установаю родны брат былога старшыні аблвыканкаму Сумар. А праз адсутнасьць канкурэнцыі ў дзяржаўных крамах трымаюцца досыць высокія цэны, людзей гэта не задавальняе. Таму гараджане і многія вяскоўцы выяжджаюць у крамы ў Пінск. Жыхары Мікашэвічаў, напрыклад, вымушаныя езьдзіць у жыткавіцкія крамы альбо ў Салігорск. Чамусьці ў вышэйназваных гарадах ёсьць і „Карона“, і „Эўраопт“. А ў нас няма, таму ўсё каштуе вельмі дорага, калі параўнаць. У выніку мы выдаткоўваем свае грошы на паліва, едзем у суседнія раёны і там пакідаем заробленыя грошы.

Відаць, такая сытуацыя камусьці выгадная. Нехта наўмысна, мне здаецца, хоча, каб былі толькі крамы спажывецкага таварыства. А тое, што ад гэтага цярпяць людзі, мала каму цікава. Калі ў межах кампаніі „За наш горад“ я зьбіраў подпісы за тое, каб у нашым рэгіёне зьявіліся альтэрнатыўныя гандлёвыя сеткі, то людзі досыць пазытыўна на гэта рэагавалі, пакідалі свае подпісы. Усяго мы сабралі 1600 подпісаў».

Леанід Дубаносаў кажа, што пазьней былі адабраныя 1200 подпісаў лепшай якасьці і зварот пра зьяўленьне крамаў прыватных гандлёвых сетак у раёне быў накіраваны ў Берасьцейскі аблвыканкам, а таксама ў Мінгандлю.

Лунінецкі райвыканкам
Лунінецкі райвыканкам

«Прыход альтэрнатыўных прыватных гандляроў важны ня толькі тым, што зьнізяцца цэны, але і тым, што на паліцах зьявяцца тавары лепшай якасьці. Бо тут жа такія прадукты як хлеб, толькі мясцовых вытворцаў, спажывецкага таварыства. Дарэчы, між сабою гарэлку ды хлеб жыхары раёну называюць „сумараўскімі“. Гавораць, што ўсё гэта кепскай якасьці», — кажа Леанід Дубаносаў.

Патрэбна канкурэнцыя

На пытаньні карэспандэнтаў Свабоды жыхары Лунінцу пацьвярджаюць словы Дубаносава і таксама абураюцца. Многія думаюць, што чыноўнікі наўмысна стварылі такую сытуацыю і ня хочуць зьменаў насуперак грамадзкай думцы і пажаданьням людзей.

Крама чыгуначнай сеткі ў Лунінцы
Крама чыгуначнай сеткі ў Лунінцы

Спадарыня: «У нас у горадзе кажуць, што чыноўнікі знарок не пускаюць сюды нікога. У нас большасьць крамаў — дзяржаўныя, належаць РСТ. А апрача крамаў, тут жа і пякарні, і гарэлачны камбінат. Нікога сюды не пускаюць. Людзі пісалі ўжо звароты. Тут жа ў нашым горадзе і недзяржаўнае выданьне ёсьць, інтэрнэт-рэсурс, якія пісалі пра гэта. Людзі абураюцца. Але безвынікова. Толькі абяцаюць, што неўзабаве — праз год, ці празь пяць гадоў — нешта памяняецца. Кажуць, што ўжо выбранае і падрыхтаванае месца для гіпэрмаркету. Але, акрамя абяцаньняў, нічога не робіцца».

Іншыя жыхары Лунінца лічаць, што хапае тавараў і ў сетцы спажывецкага таварыства, але не былі б супраць альтэрнатывы.

Спадарыня: «У нас у Лунінцы РСТ досыць добра працуе. У крамах шмат якасных і добрых тавараў. Я працую ў аддзеле культуры і ведаю, што немагчыма, каб нехта лябіяваў інтарэсы дзяржаўнай гандлёвай сеткі, гэта немагчыма. Такое я ўпершыню чую ад вас. А што да альтэрнатывы — то мне і да Пінску недалёка выехаць за прадуктамі. Але калі жыхары ўсяго Лунінецкага раёну выступяць за тое, каб зьявілася альтэрнатыўная гандлёвая сетка, то і я таксама пагаджуся з гэтым. Але ўвогуле ў нашых крамах ёсьць усе неабходныя тавары. Былі б у нас грошы, каб набываць, вось гэта зусім іншае пытаньне».

Заўважылі людзі, што ў іншых гарадах у гіпэрмаркетах тавары таньнейшыя, чым у Лунінцы.

Помнік Карлу Марксу на прывакзальнай плошчы ў Лунінцы
Помнік Карлу Марксу на прывакзальнай плошчы ў Лунінцы

Спадар: «Я чуў, што недзе будуецца ў нас прыватная вялікая крама. Але дзе — дакладна ня ведаю. А што да альтэрнатывы, то калі б быў, скажам, „Эўраопт“ такі, як у Берасьці, дзе я часам бываю і раблю закупы, то там сапраўды цэны нашмат ніжэйшыя, чым у нас. Некаторыя тавары нават у два разы меней каштуюць. Гэта істотная розьніца. А так у нас таксама ёсьць і прыватныя крамы, іх сапраўды шмат, але яны зусім маленькія. А вось буйныя крамы, унівэрсамы — усё гэта дзяржаўныя, райпа».

Пры гэтым у суседніх раённых гарадах — Пінску і Жыткавічах, куды жыхары Лунінца езьдзяць па прадукты, — шмат і вялікіх прыватных крамаў. Ніхто не перашкаджае разьвівацца як дзяржаўнай гандлёвай сетцы, так і прыватнай, адзначае Леанід Дубаносаў:

«Напрыклад, у Жыткавічах, нашмат меншых па колькасьці жыхароў, чым нават Мікашэвічы, ёсьць дзьве крамы „Эўраопт“, ёсьць яшчэ адзін супэрмаркет. Чамусьці выгадна ў гэтым горадзе працаваць, а ў нас з дакладнасьцю наадварот. Відавочна, што камусьці ідзе ў кішэню вялікі прыбытак. І ўсім усё роўна, што гэты прыбытак — проста абдзіраньне людзей».

Паабяцалі налета

Тэма пра зьяўленьне канкурэнтаў РСТ уздымаецца на працягу не аднаго году. Але кожны раз гучаць толькі апраўданьні пра немагчымасьць гэтага ў найбліжэйшы час, распавядае Ленід Дубаносаў:

«Нам, як у Мікашэвічах, так і ў Лунінцы ўжо не адзін год абяцаюць, што неўзабаве распачнецца будаўніцтва прыватнага гіпэрмаркету. Кажуць, што той жа „Эўраопт“ гатовы прыйсьці, але адмаўляецца ад адведзенага месца. Але гэта ўсё лухта. Нам проста хлусяць. І гэта можа працягвацца бясконца. Трэба без пустых размоў даць прыватніку дазвол і месца на стварэньне крамы. Яны самі ўсё пабудуюць. Неяк я чуў з вуснаў аднаго з чыноўнікаў, што ў мясцовым бюджэце няма сродкаў на тое, каб пабудаваць для прыватнай гандлёвай сеткі будынкі пад краму. Але гэта ж проста хлусьня. Навошта такое казаць? І людзі таксама ня вераць у гэтыя апраўданьні. Многія адкрыта кажуць, не баючыся, пра тое, што адбываецца ў нашым раёне».

Днямі Леанід Дубаносаў атрымаў адказ зь Берасьцейскага аблвыканкаму на зварот, пад якім падпісаліся больш як 1200 чалавек.

Жыхарам Лунінцу паабяцалі, што гіпэрмаркет пабудуюць у 2017 годзе:

«Не пазьней 2017 году плянуецца прыход новай буйной сеткавай кампаніі — гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства „Санта Рытэйл“, зь якім аблвыканкам заключыў інвэстыцыйныя дамовы на будаўніцтва дзьвюх крамаў сучаснага фармату (з гандлёвай плошчай больш за 400 кв. м.) у г. Лунінец і г. Мікашэвічы», — паведамляецца ў лісьце з аблвыканкаму.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG