Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шмат хто кажа: легалізаваць прастытуцыю і прыбраць міліцыю», — МУС растлумачыла, чаму так ня будзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнік МУС сьцьвярджае, што легалізацыя прастытуцыі ў Беларусі пацягне за сабой рост колькасьці іншых злачынстваў.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня наркакантролю і процідзеяньню гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Дзьмітры Цаюн заявіў на прэс-канфэрэнцыі 8 лістапада, што «калегі з краінаў, дзе сэкс-бізнэс легалізаваны, кажуць пра тое, што легалізацыя прастытуцыі спараджае мноства іншых пытаньняў, у тым ліку крымінальнага характару», — піша БелаПАН.

Паводле Цаюна, легалізацыя прастытуцыі ня спыніць працу нелегальных бардэляў і «непадкантрольных пунктаў і месцаў», але за легалізацыяй пойдзе ўсплёск іншых злачынстваў, у прыватнасьці падробкі дакумэнтаў і нясплаты падаткаў.

«Шмат хто кажа: легалізаваць прастытуцыю і прыбраць міліцыю, — казаў Цаюн. — Але для таго, каб гэта адсочваць у межах закону, міліцыянтаў трэба будзе яшчэ больш. Сродкаў, якія ёсьць цяпер, недастаткова для рэгуляваньня гэтай дзейнасьці».

Ён дадаў, што Беларусь — гэта «маленькая краіна з адкрытымі межамі», таму легалізацыя прастытуцыі пацягне за сабой рост сэкс-турызму.

Краіны, якія брала за прыклад міліцыя, невядомыя. Ва ўсякім разе, дасьледчыкі з розных краінаў па-рознаму апісваюць эфэкты ад легалізацыі прастытуцыі. Напрыклад, нідэрляндцы адзначаюць значнае падзеньне ўзроўню сэксуальных злачынстваў пры магчымасьці невялікага росту нарказлачынстваў. Падобны эфэкт назіралі і ў амэрыканскім Род-Айлэндзе. А швэдзкую мадэль (дзе карыстаньне сэкс-паслугамі застаецца злачынствам, але прастытуткі лічацца не злачынцамі, а ахвярамі) крытыкуюць за недастатковую эфэктыўнасьць. Ёсьць і дасьледаваньне, дзе сьцьвярджаецца, што ў бедных краінах легалізацыя прастытуцыі зьніжае ўзровень злачыннасьці, а ў багатых падвышае.

За 10 месяцаў бягучага году беларуская міліцыя аштрафавала 938 асобаў за заняткі прастытуцыяй, з аштрафаваных каля трох дзясяткаў былі мужчынамі, астатнія — жанчыны. Адсотак непаўналетніх, уцягнутых у прастытуцыю, «вельмі малы», сьцьвярджае МУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG