Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах лясгас аднавіў паламаныя крыжы. ФОТА


Адноўлены крыж
Адноўлены крыж

5 лістапада супрацоўнікі Бараўлянскага спэцлясгасу аднавілі два крыжы ў Курапатах, зламаныя падчас ранейшых работ.

Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі.

«Сёньня з раніцы крыжы аднавілі. Працавалі пры мне. Замест вялікага крыжа каля дарожкі, які сьпілавалі падчас суботніка, паставілі зусім новы, у другога, які побач з кальцавой, замянілі пашкоджаную папярочку», — паведаміў Алесь Чахольскі.

Паводле актывіста, нявыпраўленым застаецца яшчэ адзін істотны недахоп, які выявіўся падчас будаўніцтва пешаходнай дарожкі ў Курапатах — ня знойдзена рашэньне для адводу вады з пляцоўкі паміж гэтай дарожкай і кальцавой. Але Алесь Чахольскі мяркуе, што праблему вырашаць.

«Гэтым цяпер займаюцца праектавальнікі, думаюць, як выправіць сваю хібу. Бо спачатку запраектавалі дарожку без адводу вады, спадзяваліся толькі на дрэнажную канаву пад кальцавой, але дажджы паказалі, што вада ўсё роўна зьбіраецца і ня сходзіць. Думаюць цяпер, што рабіць. Мы прапанавалі закласьці пад дарожкай трубу вялікага дыямэтру. Магчыма, гэта і будзе прынята. Чакаем рашэньня», — сказаў Алесь Чахольскі.

Крыж, які быў зламаны падчас будаўнічых работ (архіўнае фота)
Крыж, які быў зламаны падчас будаўнічых работ (архіўнае фота)

Тым часам на «Галгофе» аднавіліся работы па будаўніцтве падмурку пад мэмарыяльны знак, які там зьбіраюцца ўстанавіць на замову Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Раней у выкапаны катлаван былі закладзеныя бэтонныя блёкі, цяпер іх умацавалі вадкім бэтонам.

Адноўленыя крыжы
Адноўленыя крыжы

«Там працягваліся бэтонныя работы. Прыяжджала бэтонамяшалка, але не змагла падняцца на ўзвышша, бо дарога размокла. Дык бэтон да фундамэнтаў падвозілі пагрузчыкам. Далівалі ў падмуркі. Сказалі, цяпер трэба пачакаць, каб бэтон выстаяў належны час, і будуць ставіць знак. Але калі дакладна, не сказалі», — паведаміў Алесь Чахольскі.

Будаўнічыя работы ў Курапатах, якія ўключаюць добраўпарадкаваньне тэрыторыі і ўсталяваньне мэмарыяльнага знаку, пачаліся ў сярэдзіне кастрычніка. Па зьвестках ад супрацоўнікаў лясгасу, работы мусяць завяршыцца да 15 лістапада. У ФПБ, дзе замовілі мэмарыяльны знак, дату яго ўсталяваньня і адкрыцьця не называюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG