Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#БССР100 няма ў календары Міністэрства інфармацыі. Фатафакт


1 студзеня 2019 году споўніцца 100 гадоў ад абвяшчэньня Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі — папярэдніцы БССР са сталіцай у Смаленску.

Тэрыторыямі беларусаў тады распараджаліся, не пытаючыся саміх беларусаў. Бальшавікі разьбілі Беларускую Народную Рэспубліку, абвешчаную 25 сакавіка 1918 году, у канцы студзеня 1919-га фармальна вывелі ССРБ са складу РСФСР і ўжо 27 лютага аб’ядналі зь літоўскімі тэрыторыямі ў Літоўска-Беларускую ССР, але ў выніку вайны з Польшчай зьліквідавалі «ЛітБелССР» і аднавілі 31 ліпеня 1920 году ССРБ (пазьней БССР).

Сёлета ўлады пачалі кампанію адзначэньня 100-годзьдзя савецкай Беларусі, сьцьвярджаючы, што «без БССР не было б і Рэспублікі Беларусі». Ужо адзначаецца 100-годзьдзе стварэньня савецкага (тады фактычна расейскага) камсамолу. Яшчэ раней за ўлады кампанію пад назвай #БССР100 абвясьцілі ананімныя інтэрнэт-камуністы.

Гэтая назва, відаць, імітуе #БНР100 — кампаніі сьвяткаваньня стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, зладжанай незалежнымі актывістамі (арганізатарамі кампаніі былі Павал Белавус, Антон Матолька і Эдуард Пальчыс) на грошы, сабраныя талакой.

Але выглядае, што яшчэ летам сьвяткаваць 100-годзьдзе БССР не зьбіраліся шырока. У календары «Родны край», выдадзеным у жніўні на замову і «пры фінансавай падтрымцы» Міністэрства інфармацыі ў дзяржаўным выдавецтве «Беларусь», 1 студзеня толькі Новы год, але не стагодзьдзе савецкай Беларусі.

Адрозна ад якіх-небудзь кулінарных ці астралягічных адрыўных календароў, «Родны край» мае зьвесткі пра юбілейныя і круглыя даты амаль на кожнай старонцы. А калі на дзень не знаходзіцца значных датаў, то пішуць «учора было...» або «заўтра будзе...».

Так, пад 2 студзеня ў календары на 2019 год пазначана, што ў гэты дзень 70 гадоў спаўняецца памерламу ў 2012-м рэжысэру Мікалаю Макарцову, а «ўчора» (значыць, 1 студзеня 2019 году) 75 гадоў опэрнаму сьпеваку Васілю Кавальчуку і споўнілася б 95 гадоў памерламу ў 1976-м актору Юрыю Ўласаву.

Зрэшты, і #БНР100 не пазначалася ў дзяржаўных календарах. У гэтым календары, калі БНР споўніўся 101 год, пад 25 сакавіка пазначана толькі 105 гадоў з нараджэньня паэткі Ганны Новік.

Затое ў календары пазначаны афіцыйны Дзень Незалежнасьці (Дзень Рэспублікі), які адзначаецца ў дзень вызваленьня Менску савецкімі войскамі ад нямецкіх у Другую сусьветную вайну (на 3 ліпеня 1944 году палова Беларусі яшчэ заставалася пад нацысцкай акупацыяй). Пазначаны і дзень кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада — Беларусь засталася апошняй краінай на тэрыторыі былога СССР, якая адзначае гэтае сьвята (калі не лічыць непрызнаных «ДНР», «ЛНР» і «ПМР»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG