Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Машэраў і Пазьняк, Каліноўскі і Мураўёў — усё ў кучу, каб апраўдаць уладу Лукашэнкі, — палітоляг


Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Юры Чавусаў, зь якім мы гутарым пра беларускую афіцыйную ідэалёгію. Ён нагадвае, што паводле Канстытуцыі дзяржава ня можа ўстанаўліваць абавязковую ідэалёгію, заяўляе, што Лукашэнку патрэбная не ідэалёгія, а палітработнікі, і тлумачыць, чаму дзеяньні газэты «Беларусь сегодня» выглядаюць як ідэалягічная дывэрсія.

Для грамадзян дзяржава ня можа ўстанаўліваць абавязковай ідэалёгіі.

— Гэтымі днямі ў Беларусі на афіцыйным узроўні актыўна адзначаецца 100-годзьдзе камсамолу. Гэта падштурхоўвае нас пагаварыць пра ідэалёгію цяперашніх уладаў. Ці можна сказаць, што ў стаўленьні для гісторыі гэтая ідэалёгія сфармавалася ў нейкіх трывалых формах? У якіх?

— Будзе дарэчным прыгадаць артыкул 4 Канстытуцыі Беларусі, які кажа, што «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на аснове разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалёгій і поглядаў. Ідэалёгія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных груп ня можа ўстанаўлівацца ў якасьці абавязковай для грамадзян».

З гэтай нормы Канстытуцыі вынікаюць тры тэзы. Па-першае, Канстытуцыя прызнае, што ідэалёгій шмат, і іх шматграннасьць, разнастайнасьць — аснова дэмакратыі. А для грамадзян дзяржава ня можа ўстанаўліваць абавязковую ідэалёгію.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Але як з канстытуцыйным прынцыпам падзелу ўлады — так і тут з гэтым прынцыпам у Беларусі выйшла прамашка. БРСМ успрымаецца як адзіны прадстаўнік моладзі. Моладзевая арганізацыя адзіная — так і з ідэалёгіяй.

Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады — ён прыйшоў на хвалі самазабойчай для Беларусі ідэалёгіі «назад у імпэрыю». Вакол яго круціліся шматлікія славянафілы, у грамадзтве тады былі настроі постсавецкай настальгіі, якія ў Беларусі дасягнулі сапраўды самагубнага ўзроўню.

Але аказалася, што на такой ідэалёгіі можна прыйсьці да ўлады, але сядзець на ёй няўтульна. І калі імпэрскі цэнтар сказаў: «Ну давайце аб’ядноўвацца шасьцю абласьцямі» — аказалася, што рэжым не гатовы рэалізоўваць тое, што абвяшчалася на ягоных ідэалягічных сьцягах.

На пачатку 2000-х гадоў Лукашэнка замовіў Акадэміі Навук, дзяржаўным палітолягам: «Распрацуйце мне дзяржаўную ідэалёгію». Гэта быў залаты час для дзяржаўных палітолягаў, яны выпускалі падручнікі, дапаможнікі, уводзіліся навучальныя курсы, на якіх часам выкладалі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый. Але аказалася, што насамрэч ідэалёгія Лукашэнку не патрэбная — яму былі патрэбныя палітработнікі. Тыя, якія здольныя любы выбрык дзяржаўнага курсу абгрунтаваць ідэалягічна — ня важна, ці будзе гэта рабіцца камуністам, дэмакратам ці нацыяналістам. І гэтая сыстэма, якая ўсталявалася ў 2000-х, і цяпер існуе.

— Хіба не зьмянілася афіцыйная ідэалёгія ў 2014-м, пасьля Крыму?

— Абсалютна не. Любыя выбрыкі — гэта як у Оруэла, сёньня мы ваюем з Захадам, заўтра — наадварот. Задача таго, што называецца сыстэмай дзяржаўнай ідэалёгіі — апраўдаць палітычны курс улады зь любых палітычных пазыцый. У дадзеным выпадку Беларусь крочыць за расейскім фарматам ідэалягічнай працы, дзе на ток-шоў спрачаюцца паміж сабой пуцініст-дзяржаўнік, пуцініст-камуніст і пуцініст-нацыяналіст. А перамагае пуцініст у чыстым выглядзе.

Так і ў Беларусі — пастаўлена задача, каб любыя ідэалягічныя плыні мелі ўсярэдзіне нейкі лукашысцкі элемэнт. Ёсьць тыя, хто за незалежнасьць (з пазыцыі Лукашэнкі), тыя, хто за сацыяльныя гарантыі (з пазыцыі Лукашэнкі), тыя, хто захоўвае славянафільскі фармат. Яму патрэбныя 25 розных калёнаў, падпорак, якія б дэзавуіравалі любую крытыку рэжыму. У гэтым кантэксьце Крым — эпізод, калі такая ідэалягічная падпорка спатрэбілася.

Дзеяньні газэты «Беларусь сегодня» выглядаюць вельмі непісьменна, або нават як ідэалягічная дывэрсія

— Улады дазволілі адзначыць 100-годзьдзе БНР 25 сакавіка, не забаранілі вялікі мітынг у цэнтры гораду, але пасьля гэтага зрабілі некалькі крокаў назад — шыльда дагэтуль не ўстаноўлена, нейкія навуковыя канфэрэнцыі ў гонар падзеі не праведзеныя. Чаму тут «крок наперад, два назад»?

— Была праведзена навуковая канфэрэнцыя ў Акадэміі навук, быў выдадзены адпаведны зборнік. Што да шыльды, то дастаткова шмат прыкладаў, якія сьведчаць пра стан гэтай сёньняшняй гібрыднай ідэалёгіі і апроч гэтай шыльды. Літаральна ўчора прачытаў інтэрвію Ўладзімера Канаплёва, дзе ён сказаў, што ён «нацыяналіст» У гэтым такая вялікая іронія гісторыі — 20 гадоў таму чалавек зацята змагаўся з нацыяналізмам, а сёньня стаў нацыяналістам.

Разгарніце афіцыйны часопіс «Беларуская думка». І Каліноўскі, і Мураўёў, і Машэраў, і Пазьняк — усё ідзе ў адну кучу, каб апраўдаць існаваньне ў Беларусі аднаасобнага рэжыму ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Гэта такая эклектычная, гібрыдная ідэалёгія.

— Але, магчыма, часам ідэолягі «перабіраюць» з жаданьнем ідэалягічна апраўдаць цяперашнюю ўладу. Газэта Адміністрацыі «Беларусь сегодня» пачала цыкль артыкулаў, дзе прапаноўвае адлічваць гісторыю беларускай незалежнасьці ад 1994 году. Гэта вось што — перагібы на месцах альбо сьвядомая палітыка?

— У ідэалёгіі перагібы на месцах непазьбежныя. Вашае пытаньне можна разглядаць з двух ракурсаў. Якія прычыны таго, што газэта Адміністрацыі ўжыла такую нягеглую канструкцыю? Мне падаецца, гэта сьведчыць пра зьмену пакаленьняў сярод тых, хто адказвае за ідэалягічную працу, то бок прапаганду. Для іх, сёньняшніх 30-гадовых, якія ня памятаюць іншага палітычнага жыцьця, апроч жыцьця пры Лукашэнку — для іх сапраўды, мабыць, 25-годзьдзе ўлады Лукашэнкі — гэта 25-годзьдзе той палітычнай сыстэмы, якую яны толькі і ведаюць.

Стагодзьдзе камсамолу адзначаецца ў сёньняшняй Беларусі вельмі шырока
Стагодзьдзе камсамолу адзначаецца ў сёньняшняй Беларусі вельмі шырока

Урэшце, тут будзе дарэчы прыгадаць паняцьце «легітымнасьці». І ў гэтым ракурсе дзеяньні газэты «Беларусь сегодня» выглядаюць вельмі непісьменна, або нават як ідэалягічная дывэрсія. Легітымнасьць бывае харызматычная — Аляксандар Рыгоравіч прыйшоў да ўлады як моцны правадыр. Бывае традыцыйная — калі правадыр прадстаўляе нейкую паважаную гістарычную дынастыю. Бывае легальная — калі кіраўнік абраны ў межах вызначаных легальных працэдураў.

Заявы пра тое, што Лукашэнка — гэта і ёсьць беларуская незалежнасьць, — гэта падрыў традыцыйнай легітымнасьці. І ня вельмі добры каменьчык у харызматычную легітымнасьць. Бо такім чынам газэта Адміністрацыі прэзыдэнта заяўляе: Беларусь — гэта дзяржава падданых аднаго чалавека. Нават не манархічнай дынастыі, што для манархіі ўласьціва. Але казаць у рэспубліканскай нацыі, што дзяржава нарадзілася, калі дзеючы кіраўнік прыйшоў да ўлады, — гэта азначае дэзавуіраваць права гэтай дзяржавы на існаваньне.

Пэрсаналісцкія ідэалёгіі — ня самыя лепшыя для пэрспэктывы і будучыні

— У дыскусіях наконт БНР праўладныя палітолягі казалі, што вось сапраўднае сьвята — гэта стагодзьдзе ўтварэньня БССР, 1 студзеня. Але і тут асаблівай актыўнасьці не відаць. Чаму?

— Нейкія крокі будуць, 2 месяцы яшчэ застаюцца. Але, сапраўды, маштаб сьвяткаваньня стагодзьдзя камсамолу большы. Прычыны могуць быць розныя. Адна зь іх у тым, што цяперашні рэжым ня ёсьць палітычным спадкаемцам савецкага рэжыму.

Апроч таго, ня вельмі зручна прыгадваць чым была БССР сто год таму. Гэта Смаленск, гэта лёсы заснавальнікаў БССР, ня вельмі зручна ставіць пераможную шыльду на гэтай глебе. Гэта ня тое, на чым можна пабудаваць трывалую ідэалягічную машыну. Ідэалёгія Лукашэнкі застаецца эклектычнай, і стагодзьдзе БССР — толькі адна з цаглінаў.

— Наколькі гэтая сёньняшняя эклектычная ідэалёгія жыцьцядзейная? Яна накіраваная толькі на апраўданьне цяперашняга рэжыму? Яна можа толькі абслугоўваць гэты канкрэтны палітычны рэжым з гэтым канкрэтным кіраўніком — ці яна мае нейкія шанцы перажыць цяперашнюю пэрсаналісцкую ўладу?

— Ідэалёгіі часам называюць сьвецкай формай рэлігіі. Гэта тое, што павінна тлумачыць людзям мінулае, актуаліі, і ў ідэале — весьці ў будучыню. У гэтым сэнсе пэрсаналісцкія ідэалёгіі — ня самыя лепшыя для пэрспэктывы і будучыні. Мы памятаем, быў адзін палітык, які казаў пра тысячагадовы рэйх.

Урэшце, ня выключана, што фігура Лукашэнкі застанецца ў якасьці нейкага сымбалю. Сымбалю чаго — пакуль што немагчыма сказаць у сілу той самай эклектычнасьці ідэалягічных падыходаў, якія вакол яго віруюць. «Мы за сувэрэнную Беларусь»? Але за якую з тых «сувэрэнных Беларусяў», якія вакол Лукашэнкі мільгаюць? Шмат у чым лёс гэтай ідэалёгіі будзе залежаць ад палітычнай практыкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG