Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША вядомым дзеячам разаслалі 10 самаробных бомбаў. Іх перахапілі


25 кастрычніка падазроны пакет прыйшоў на адрас экс-віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які працаваў з Баракам Абамам і рэзка крытыкаваў прэзыдэнта.

Сама меней 10 самаробных бомбаў, разасланых на адрасы вядомых прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі і грамадзкіх дзеячаў, перахапілі амэрыканскія праваахоўнікі. Яны працягваюць шукаць зламысьніка, які іх рассылае.

Паводле прадстаўнікоў уладаў ЗША, сьледчыя засяроджваюцца на Флорыдзе, але чаму менавіта ідзе гаворка пра гэты штат, не ўдакладняецца.

25 кастрычніка падазроныя пакеты паступілі на адрас актора Робэрта дэ Ніра, а таксама экс-віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які працаваў з Баракам Абамам і рэзка крытыкаваў прэзыдэнта Дональда Трампа.

Раней выбуховыя прылады былі выяўленыя ў паштовых скрынях побач з дамамі бізнэсоўца Джорджа Сораса, мужа і жонкі Біла і Гілары Клінтан, а таксама былі накіраваныя ў офіс экс-прэзыдэнта Барака Абамы, офіс кангрэсмэна Дэбі Васэрман Шульц у штаце Флорыда, на адрас былога генпракурора ЗША Эрыка Голдэра, у нью-ёркскае бюро тэлеканалу CNN і на імя экс-дырэктара ЦРУ Джона Брэнана.

Усіх гэтых людзей аб’ядноўвае тое, што яны зьяўляюцца палітычнымі апанэнтамі або рэзкімі крытыкамі Рэспубліканскай партыі і прэзыдэнта Дональда Трампа.

Ніводзін з пакетаў ня выбухнуў, амаль усе іх перахапілі. Сьледчыя высьвятляюць, ці быў мэтай падрыў выбухоўкі, або намер пасеяць паніку.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што палітычнаму гвалту няма месца ў Злучаных Штатах. Дональд Трамп адзначыў, што ў краіне распачатае фэдэральнае расьсьледаваньне здарэньняў. У той жа час ён заклікаў сродкі масавай інфармацыі спыніць «бясконцую варожасьць», а таксама «пастаянныя нэгатыўныя, а часта і хлусьлівыя напады і паведамленьні».

Крытыкі Трампа абвінавацілі яго ў падбухторваньні да гвалту праз рыторыку, якую ён выкарыстоўвае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG