Як перадаюць міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы, раніцай у сераду ў Нью-Ёрку быў эвакуіраваны Warner Building, дзе знаходзіцца рэдакцыя тэлекампаніі CNN. Будынак ачэплены.
Тэлекампанія NBC паведамляе, што падазроны прадмет у пошце CNN падобны да выбуховых прылад, якія раней атрымалі былая кандыдатка Дэмакратычнай партыі ЗША на пасаду прэзыдэнта Гілары Клінтан, былы прэзыдэнт Барак Абама і фінансіст Джордж Сорас.
Яшчэ адно выбуховае прыстасаваньне, паводле паведамленьня CNN, было адпраўлена ў Белы дом. Падазроную пасылку перахапілі на вайсковай базе ў акрузе Калюмбія, дзе сартуецца пошта для адміністрацыі прэзыдэнта.
Раней у сераду стала вядома, што самаробныя выбуховыя прылады былі выяўленыя ў пошце, якая паступіла ў офіс Гілары Клінтан у штаце Нью-Ёрк, а таксама ў офіс былога прэзыдэнта ЗША Барака Абамы.
22 кастрычніка выбуховае прыстасаваньне знайшлі ў пасылцы, якая прызначалася фінансісту Джорджу Сорасу.