Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вайцюшкевіч выклаў у інтэрнэт новы альбом — зноў на вершы Маякоўскага. АЎДЫЁ


Фрагмэнт вокладкі альбому Зьмітра Вайцюшкевіча «Люблю»
Фрагмэнт вокладкі альбому Зьмітра Вайцюшкевіча «Люблю»

Беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч выклаў у інтэрнэт альбом «Люблю» на вершы расейскага паэта Ўладзіміра Маякоўскага.

У альбоме вершы Ўладзіміра Маякоўскага гучаць і на мове арыгіналу, і па-беларуску — у перакладах Рыгора Барадуліна і Віталя Рыжанкова. Усяго на дыску 20 песень, і на дадатак дзьве «мінусоўкі» (музыка без вакалу).

Сам Зьміцер Вайцюшкевіч кажа, што песьні атрымаліся разнастайнымі стылем, «ад джазу і акадэмічнай музыкі да альтэрнатыўнага року ды хіп-хопу».

Запіс стаў «супольным праектам»: у ім удзельнічалі музыкі гуртоў WZ-Orkiestra, Apple Tea і Krama, беларуска-амэрыканскі віялянчэліст Марк Прыходзька, гітарысты Стыў Крамэр і Майк Рубін, хор «Канкордыя».

Большасьць зь іх зайграе на канцэртнай прэзэнтацыі альбому, якая пройдзе 2 лістапада ў менскай прасторы «Ок16». Квіткі на прэзэнтацыю ўжо прадаюцца ў інтэрнэце па цэнах ад 24 да 33 рублёў.

Вайцюшкевіч ужо запісаў адзін альбом на вершы Маякоўскага – «MW» 2005 году. Таксама ён мае альбомы на вершы Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Камоцкага, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева, Генадзя Бураўкіна, Арцёма Кавалеўскага, Яраміра Нагавіцы ды іншых, плянуе запісаць альбом на вершы Алеся Ліпая.

Зьміцер Вайцюшкевіч доўгі час знаходзіўся ў нефармальных «чорных сьпісах» уладаў. Канцэрты адмянялі ў тым ліку празь «непераадольныя перашкоды» і праз «парнаграфічны і экстрэмісцкі характар» вершаў ці то Бураўкіна, ці то Маякоўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG