Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы зьявіўся «чорны сьпіс» беларускіх музыкаў


Сяргей Доўгушаў (справа), архіўнае фота

Ганна Сьвятлова, кіраўніца Аршанскага раённага аддзелу ідэалёгіі, культуры і ў справах моладзі, забараніла выступаць музыкам Сяргею Доўгушаву і Аляксандру Ясінскаму, якія меліся менавіта з Воршы распачаць свой новы канцэртны тур.

Сяргей Доўгушаў — ураджэнец Воршы, ён хацеў на радзіме правесьці першую прэзэнтацыю альбому «Дарогі». Але ў родным горадзе яго не прынялі: спачатку адмовілі ў гарадзкім цэнтры культуры, потым — у школе мастацтваў №2.

Паводле Доўгушава, прычынаў яму не патлумачылі, толькі сказалі: «Нічога не атрымацца».

І гэта нягледзячы нават на тое, што пра канцэрты дамаўляўся дырэктар Белдзяржфілармоніі. Паўтарылася сытуацыя 2015 году, калі сьпеваку забаранілі канцэрт да 85-х угодкаў Уладзімера Караткевіча. Юбілей пісьменьніка-земляка сьвяткаваўся ва ўстановах культуры, але на выступ Доўгушава ў музэі Караткевіча «не знайшлося часу».

Аршанскія актывісты адзначаюць, што ў іншых гарадах — Баранавічах, Берасьці, Менску, Віцебску і Магілёве — прэзэнтацыі альбому «Дарогі» заплянаваныя без праблем. Перашкоды паўсталі толькі ў Воршы, дзе культурніцкім жыцьцём кіруе Ганна Сьвятлова.

Error rendering VK.

Актывісты паспрабавалі пералічыць усе забароны апошняга часу. І склалі «чорны сьпіс Сьвятловай», надрукаваўшы яго на мясцовым сайце Orsha.eu. У яго трапілі Зьміцер Вайцюшкевіч, ансамбаль Harmonic style project, які меўся выступіць з праграмай на вершы Рыгора Барадуліна «Песьні матчыны з Вушаччыны»; «не знаходзілася памяшканьняў» для выступаў літаратараў Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна, для прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Арлова «Айчына», для сустрэчы зь віцебскімі літаратарамі — сябрамі Беларускага саюзу пісьменьнікаў і з мастаком Міколам Купавам, таксама ўраджэнцам Воршы, які адмыслова для землякоў падрыхтаваў імпрэзу да ўгодкаў Аршанскай бітвы.

Між тым, кажуць складальнікі сьпісу, у Воршы адбыліся канцэрты Віктара Каліны, супраць якіх пратэставалі у многіх гарадох Беларусі.

Сьвятлова вядомая ў Воршы тым, што загадала тэрмінова памяняць аздабленьне сцэны, падрыхтаванае ў Гарадзкім цэнтры культуры да юбілею Караткевіча. На задніку сцэны быў намаляваны беларускі арнамэнт — у традыцыйных колерах, чырвоным на белым. Загадчыца аддзелу ідэалёгіі, культуры і ў справах моладзі ўбачыла ў гэтым алюзію да бел-чырвона-белага сьцяга. І аддала загад завесіць «крамольны заднік», пакуль гэтага не заўважылі гледачы.

Атрымаць камэнтар Ганны Сьвятловай пакуль не ўдалося, супрацоўнікі яе аддзелу ня могуць яе паклікаць да тэлефона.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG