Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі ўхваліў стратэгію разьвіцьця прадпрымальніцтва да 2030 году. Шумчанка: гэта «пыл у вочы»


Пусты рынак у Крычаве пасьля пачатку дзеяньня ўказу Лукашэнкі №222, 10 студзеня 2016 году
Пусты рынак у Крычаве пасьля пачатку дзеяньня ўказу Лукашэнкі №222, 10 студзеня 2016 году

11 гадоў таму Лукашэнка абяцаў «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку» — маўляў, гэта «вашывыя блохі», ад якіх «трэба пазбаўляцца». Цяпер на паперы пішуць адваротнае.

Праграма «Беларусь — краіна пасьпяховага прадпрымальніцтва», якую Савет Міністраў Беларусі прыняў 17 кастрычніка, ужо апублікаваная (PDF). Да 2020 году будзе пераходны, пасьля — асноўны этап праграмы.

Паводле ўраду, асноўная задача праграмы — стварэньне спрыяльных адміністрацыйна-праўных і эканамічных умоваў для якаснага разьвіцьця бізнэсу, стварэньня эфэктыўнай структуры дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Ад рэалізацыі стратэгіі ўрад чакае да 2030 году павелічэньня да 50% долю такога прадпрымальніцтва ў агульным аб’ёме валавой даданай вартасьці — прадпрымальнікі мусяць даваць палову ад розьніцы між цаной сыравіны і цаной вырабленых у краіне тавараў і паслуг.

Дасягнуць гэтага ўрад плянуе праз:

  • скарачэньне дзяржаўнага рэгуляваньня і падвышэньне ступені эканамічнай свабоды;
  • рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў і перадачу іх «больш эфэктыўнаму ўласьніку»;
  • абмежаваньне шэрагу ліцэнзіяваных відаў дзейнасьці тымі, якія ўплываюць на нацыянальную бясьпеку, навакольнае асяродзьдзе, правы і свабоды людзей, іх здароўе і «маральнасьці»;
  • удасканаленьне кантрольнай і назіральнай дзейнасьці;
  • забесьпячэньне роўных умоваў гаспадараньня суб’ектам рознай формы ўласнасьці і фармаваньне канкурэнтнага асяродзьдзя;
  • удасканаленьне законаў у галіне ўласнасьці, забесьпячэньне гарантыяў правоў прыватнай уласнасьці;
  • спрашчэньне ўліку і справаздачнасьці, фармаваньне «рацыянальнай фіскальнай палітыкі»;
  • пашырэньне доступу прадпрымальнікаў да фінансавых рэсурсаў і грашовай падтрымкі, зьніжэньне адсоткавых ставак;
  • пашырэньне інфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымкі прадпрымальнікаў;
  • фармаваньне ў грамадзтве пазытыўнага іміджу прадпрымальніка;
  • і іншае.

Шумчанка: «Рэалізацыя ў нас адрозьніваецца ад напісаных словаў»

Старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка сказаў Свабодзе, што ня верыць у тое, што стратэгія дапаможа прадпрымальнікам: на паперы можна што заўгодна напісаць, і было напісана ўжо шмат «прыгожых папераў і словаў», але прадпрымальнікі бачаць, што гэта «пыл у вочы».

Анатоль Шумчанка на форуме прадпрымальнікаў, архіўнае фота
Анатоль Шумчанка на форуме прадпрымальнікаў, архіўнае фота

«Каб прымаць праграмы, патрэбны шырокія кансультацыі з прадпрымальніцкай супольнасьцю, форумы як тыя, што праводзіць „Пэрспэктыва“, шырокі дыялёг, — кажа Шумчанка. — З аднаго боку, улады недзе з кімсьці сустракаюцца, але сыстэмнай работы з прадпрымальніцкай супольнасьцю на мой погляд не вядзецца.

Атрымліваецца, што ўлады самі па сабе, прадпрымальнікі самі па сабе».

Шумчанку праграма нагадала хутчэй навуковую працу, чым інструкцыю да дзеяньня, ды працу такую, якую можна было сьпісаць са звычайных падручнікаў эканомікі.

Тую ж прапанову давесьці долю малых і сярэдніх прадпрымальнікаў у валавой даданай вартасьці да 50% к 2030 году апісвалі ў праграме «Пэрспэктывы» яшчэ ў 2010 годзе, прыгадвае ён. Але прапановы з той праграмы засталіся збольшага без увагі ўладаў.

«Ня думаю, што нехта будзе сур’ёзна ўспрымаць гэтую праграму пры рэальным стаўленьні ўладаў да бізнэсу, — разважае Шумчанка. — Нейкіх аптымістычных чаканьняў ад гэтай праграмы ў мяне няма.

Папраўдзе сёньня мы сьведкі зьнішчэньня індывідуальнага прадпрымальніцтва».

Шумчанка кажа, прадпрымальнікі зьбіраюцца ўзяцца за распрацоўку альтэрнатыўнай дарожнай мапы разьвіцьця прадпрымальніцтва, «больш прыземленай і канкрэтнай», і спрабаваць дамагацца яе рэалізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG