Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Посьпех і вушы


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Самае нечаканае ў сучасных дзяцей — яны не ўмеюць слухаць.

Гэта нейкая катастрофа, далібог. Сёньня не змагла распавесьці пра Алімп, Зэўса і астатніх прыўкрасных багоў — хаця я добра распавядаю, і даўнія вучні мае любяць іншы раз пасядзець у задуменьні пад мэлёдыю настаўніцкага расповеду. Але ж не.

Варта мне было сказаць слова «Грэцыя» — узьняўся лес рук, і дзеці пачалі ад нецярпеньня выкрыкваць: «Грэцыя — гэта краіна на поўначы!», «Грэцыя — бедная краіна, там жывуць адны нішчаброды!», «У Грэцыі кароль!», «Грэцыя была зьнесена зь зямлі вульканам!» Ледзь-ледзь утаймаваліся з Грэцыяй — собіла мне (а куды дзецца?) назваць імя Зэўса. Лес рук! Некаторыя ажно падскокваюць! «А ў мяне дома ёсьць кніжка, і там пра Зэўса!», «А я летам чытала пра Зэўса!», «А ў майго стрыечнага брата сабаку завуць Зэўс!»

На адным уроку дзеці пачалі плакаць — бо я выклікала да дошкі ня гэтых, а тых. На другім — кожны падскоквае прачытаць дамашняе сачыненьне, але як толькі садзіцца на месца — неадменна страчвае інтарэс да сачыненьняў аднаклясьнікаў і пачынае круціцца. Цягнуць рукі, выскокваюць з-за парты — і гучна, сьмела, весела пачынаюць распавядаць нешта зусім іншае, ня тое, пра што было пытаньне ці пра што ішла гутарка.

Не ўмеюць — навучым: кожны выступ у клясе мы цяпер падрабязна аналізуем, фармулюем пытаньні па чужых сачыненьнях, адшукваем прыгожыя словы і вобразы, напрыканцы ўроку ўспамінаем самыя яскравыя адказы іншых — і я заўважаю, наколькі не трэніраваныя, наколькі цяжкія для дзяцей гэтыя дзеяньні, наколькі марудна выпрацоўваецца гэты навык — слухаць і разумець іншага.

Але што чакаць ад дзяцей, калі на адсутнасьць уменьня слухаць іншага сёньня хварэе ўсё грамадзтва. Пад топавымі пастамі ў сацсетках рэдка (у адзінкавых выпадках насамрэч) сустрэнеш пытаньне з удакладненьнямі: а ці правільна я вас зразумеў? Не! Як ні зразумеў — усё правільна! І трашчыць у вогнішчы свары і выхаванасьць, і спакой, і ўзважанасьць, і абгрунтаванасьць — усё тое, што павінна суправаджаць чалавечую гутарку. Крык, моцныя выразы, абразы, перакручаны сэнс — толькі каб застацца заўважным, каб давесьці сваё. Што там хацеў сказаць аўтар — пляваць. Кожны цягне сваю руку.

Бог ведае, чаму гэта так. Мо, таму, што віртуальная рэальнасьць адняла ў нас суразмоўцаў — а навыкаў разуменьня напісанага тэксту ў нас ох як няма. Мо, таму, што адыходзіць у нябыт практыка жыцьця вялікімі сем’ямі, дзе ты хочаш-ня хочаш — павінен прыслухоўвацца да іншых. Мо, таму, што ў цяжкай працы прыняцьця сябе і сваіх псыхалягічных межаў і правоў мы забыліся неяк, што акрамя ўласных межаў і правоў існуюць межы і правы іншых.

А мо таму, што мы няправільна разумеем слова «посьпех» — перагнаць, выскачыць, крыкнуць гучней, выцягнуць руку так, каб цябе пабачылі і спыталі, а ўжо што ты скажаш, стоячы ля дошкі — ня надта важна. Я мастак, я так бачу, магу сказаць усё, што заўгодна. Гэта мая думка, а дошка для таго і ёсьць, каб ля яе размаўляць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG