Суд у Турэччыне ў пятніцу пастанавіў вызваліць з-пад арышту амэрыканскага пастара Эндру Брансана, судовы перасьлед якога стаў прычынай увядзеньня амэрыканскіх санкцыяў супраць кіраўнікоў МУС і Міністэрства юстыцыі Турэччыне.
Як паведаміў адвакат сям’і Брансон агенцтву Reuters, пастар ужо вылецеў у Злучаныя Штаты.
Пастара, які правёў у турэцкай турме амаль паўтара года, а затым — некалькі месяцаў пад хатнім арыштам, абвінавачвалі ў дачыненьні да спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне летам 2016 году. У пятніцу суд прызнаў яго вінаватым у сувязях з тэрарыстамі і прысудзіў яму тры гады і паўтара месяца пазбаўленьня волі, аднак вырашыў вызваліць яго без адбыцьця астатняга тэрміну. Яму было дазволена пакінуць краіну.
Вашынгтон неаднаразова заклікаў Анкару вызваліць Брансана, настойваючы на яго невінаватасьці. Пасьля таго, як у жніўні суд у Турэччыне адмовіўся адпусьціць пастара, ЗША ўвялі санкцыі супраць высокапастаўленых турэцкіх чыноўнікаў і прыгразілі новымі мерамі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у пятніцу напісаў у твітэры, што спадзяецца на хуткае вяртаньне Брансана на радзіму. Раней ён называў пастара «закладнікам», рэзка крытыкуючы турэцкія ўлады.
Напярэдадні ў прэсе зьявіліся паведамленьні аб таемным пагадненьні паміж Турэччынай і ЗША наконт лёсу пастара, згодна зь якім Вашынгтон у абмен на яго вызваленьне меўся аслабіць ціск на эканоміку Турэччыны. Абодва бакі, аднак, абверглі гэтую інфармацыю.