Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына прапанавала ЗША абмяняць зьняволенага пастара на апазыцыянэра-эмігранта Гюлена


Фэтхулах Гюлен
Фэтхулах Гюлен

Анкара ўжо неаднаразова заклікала Вашынгтон экстрадаваць турэцкага прапаведніка, які абвінавачваецца ў арганізацыі спробы дзяржаўнага перавароту.

Улады Турэччыны заявілі, што гатовыя вызваліць затрыманага амаль год таму амэрыканскага пастара Эндру Брансана, калі ЗША экстрадуюць мусульманскага прапаведніка Фэтхулаха Гюлена, якога Анкара абвінавачвае ў арганізацыі леташняй спробы дзяржаўнага перавароту.

Эндру Брансан з жонкай
Эндру Брансан з жонкай

«Яны кажуць: аддайце нам пастара. У вас там прапаведнік [Гюлен]. Аддайце яго нам, і мы паспрабуем вярнуць яго [Брансана]», — заявіў у тэлезвароце прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган.

Брансан, які пражыў у Турэччыне 23 гады, і ягоная жонка Норын былі арыштаваныя праз абвінавачаньні ў парушэньні іміграцыйнага заканадаўства ў кастрычніку 2016 году. Жонку пасьля вызвалілі, а пастара абвінавацілі ў падтрымцы групы прыхільнікаў Гюлена, якую Турэччына прызнала тэрарыстычнай арганізацыяй.

Муж і жонка Брансаны кіравалі хрысьціянскай царквой у горадзе Ізьмір на ўзьбярэжжы Эгейскага мора.

Норын у мінулым месяцы сустрэлася зь дзяржсакратаром ЗША Рэксам Тылерсанам падчас яго візыту ў Анкару. Тылерсан тады сказаў, што Брансан «утрымліваецца пад вартай праз ілжывыя абвінавачаньні».

У жніўні мінулага году быў выдадзены дэкрэт, які дазваляе Эрдагану экстрадаваць іншаземцаў у абмен на турэцкіх грамадзян, якія знаходзяцца ў зьняволеньні за мяжой, у «сытуацыях, калі гэта неабходна для нацыянальнай бясьпекі або адпавядае інтарэсам краіны». Фэтхулаха Гюлена, які пражывае ў Пэнсільваніі, Турэччына заклікала ЗША экстрадаваць неаднаразова, абвінавачваючы яго ў арганізацыі леташняй спробы перавароту.

Стасункі ЗША і Турэччыны ў апошні час абвастрыліся з шэрагу прычынаў, адна зь якіх — усе больш аўтарытарнае кіраваньне Эрдагана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG