Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі важна не парушаць правілаў». Як француз вучыў беларусаў танцаваць


Француз Фляр’ян Карубі, які год жыве ў Беларусі, правёў для гарадзенцаў майстар-клясу францускіх танцаў і падзяліўся сваімі ўражаньнямі пра Беларусь.

Прыехаў вучыць танцам і мовам

«Цяпер мы „малюем“ марозіва. Спачатку ражок — утвараем крокамі трыкутнік. Потым кружымся — атрымліваюцца лёгкія шарыкі», — Фляр’ян на пальцах тлумачыць гарадзенцам, як танчыць папулярны сёньня францускі танец Les grandes poteries.

Француз правёў сваю першую і апошнюю майстар-клясу для дарослых у горадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця». Праз два тыдні ён вернецца дадому. А пакуль прызнаецца, што любіць вучыць танцам, а ягоныя вучні любяць іх наведваць. Цягам году ў Беларусі Фляр’ян правёў шмат танцавальных заняткаў для падлеткаў і дарослых у розных гарадах. Хоць дагэтуль у Францыі ладзіў іх досыць мала.

Фляр’ян — валянтэр Асацыяцыі клюбаў UNESCO. Яму 27 гадоў. Ён паходзіць зь невялікага «самага моладзевага» гораду Францыі Эўры (Évry) каля Парыжа. Там дагэтуль жывуць ягоныя бацькі. Цягам вучобы ва ўнівэрсытэце па спэцыяльнасьці міжнароднага мэнэджмэнту хлопец пажыў у розных францускіх гарадах, а таксама ў Нямеччыне, Гішпаніі, Кітаі. Пасьля заканчэньня магістратуры вырашыў год павалянтэрыць дзеля пашырэньня ўласнага досьведу перад тым, як брацца за пабудову кар’еры.

Перад падарожжам ён ня ведаў пра Беларусь нічога, апрача таго, што гэта недзе побач з Расеяй. Выбраў яе таму, што, паводле прапановаў Эўрапэйскай службы валянтэраў (European Voluntary Service), тут можна было працаваць у сфэры культуры, у тым ліку займацца танцамі. Да таго ж ён хацеў вывучыць расейскую мову.

Французы любяць танцаваць у коле, а беларусы — у парах

Перад майстар-клясай Фляр’ян перажывае, ці гарадзенцы ўпадабаюць незвычайныя для іх танцы іншага народу. Ён называе рэгіён паходжаньня, паказваючы на мапе, часам расказвае кароткую гісторыю.

Сярод танцаў ёсьць зусім простыя, якія можа адразу «схапіць» навічок. А ёсьць падобныя да матэматычных заданьняў, дзе нельга адключыць галаву, а трэба лічыць крокі, трымаць у галаве пасьлядоўнасьць дзеяньняў і пасьпяваць трапляць у рытм музыцы разам зь іншымі.

Вось вясёлы Galop nantais, дзе трэба скакаць галёпам, як коні. А гэта — трансавы Gavotte de l’aven, дзе партнэры ў чацьвёрках утвараюць адну вялікую істоту і павольна перасоўваюцца па пляцоўцы.

«Цяпер трэба будзе шмат думаць», — папярэджвае вядоўца і адлічвае крокі то па-ангельску, то на ламанай расейскай мове.

Потым захапляецца танцам і пачынае падпяваць мэлёдыю.

Фляр’ян заўважыў некалькі галоўных адрозьненьняў францускіх традыцыйных танцаў ад беларускіх.

У французаў былі старажытныя танцы з больш простымі крокамі. Дагэтуль яны імкнуцца да простасьці. У Беларусі, наадварот, танцы ў асноўным грунтуюцца на фігурах — спалучэньні розных рухаў і крокаў, што робіць іх больш складанымі і забаўнымі. Гэта, на думку Фляр’яна, адлюстроўвае, наколькі для беларусаў важна станавіцца шчасьлівымі ў танцы.

«Я люблю вучыць танцаваць, таму што я вельмі шчасьлівы тады. Гэта ня толькі танцы, гэта значыць сустракаць людзей, абменьвацца думкамі, пачынаць сябраваць», — кажа Фляр’ян.

Уразілі вёскі і сьвяткаваньне Вялікадня

За год валянтэр прагна браўся за многія прапановы. Апрача выкладаньня францускіх танцаў, ён вучыў падлеткаў францускай і ангельскай мовам у Асацыяцыі клюбаў UNESCO; выкладаў бізнэс-курс і францускую мову ў эканамічным унівэрсытэце; далучыўся да армянскай супольнасьці, дзе танчыў іхныя танцы; пазнаёміўся з габрэйскай грамадой, удзельнічаў у іхных абрадах і сьвятах; браў удзел у фэстывалях, расказваў пра францускія танцы на канфэрэнцыі ва Ўнівэрсытэце культуры.

За год Фляр’ян пасьпеў аб’ехаць усе абласныя гарады Беларусі. Але найбольшае ўражаньне на яго зрабілі беларускія вёскі: прырода, каляровыя драўляныя хаткі, а найперш людзі, звычаі, песьні, танцы. Найбольш эмоцый пакінула сьвяткаваньне Вялікадня ў адной зь вёсак, куды ён трапіў.

«Беларусы любяць гаварыць пра свае дасягненьні»

У падарожжах, упэўнены Фляр’ян, самае цікавае — гэта людзі. Ён падзяліўся думкай, чым адрозьніваюцца беларусы ад французаў.

Беларусы больш ветлівыя (прыкладам, калі саступаюць месца ў транспарце старым людзям). У Францыі такое здараецца радзей.

Ён зьдзівіўся, як шмат беларусы любяць гаварыць пра свае дасягненьні.

«„Мы лепшыя ў гэтым, у тым“, „Дзед таго славутага чалавека быў беларусам“. Французы ніколі такога не робяць. Думаю, гэта адметнасьць малой краіны. Кажуць, што французы ганарацца сваёй гісторыяй, культурай, але мы ніколі не гаворым шмат пра гэта», — кажа Фляр’ян.

Ён адзначыў, што ў Беларусі працуе як сапраўдны выкладчык ва ўнівэрсытэце, хоць ня мае спэцыяльнай адукацыі. У Францыі такое было б немагчыма, бо там «усё вельмі структуравана, нават занадта».

«Там ты павінен мець вельмі шмат спэцыяльных дыплёмаў. Калі ты хочаш вучыць танцам, то мусіш пераадолець шмат складанасьцяў, жыць у рэгіёне, адкуль гэтыя танцы паходзяць. У Беларусі з гэтым прасьцей».

Ён адзначае, што вельмі цяжка зрабіць візу. Гэты працэс заняў у яго месяц часу і чатыры візыты ў беларускі кансулят.

«У Заходняй Эўропе мы кажам, што Беларусь — апошняя дыктатура Эўропы. Але, думаю, гэта ня так проста. Няма такога, каб было толькі чорнае або белае, толькі добрае або кепскае. Тут важна не парушаць правілаў, і можна спакойна жыць, — мяркуе валянтэр. — Прыкладам, тут не заўсёды можна купіць замежныя тавары. Але што кепскага ў прасоўваньні сваіх вытворцаў? Беларусы заўсёды добра, дыхтоўна апранутыя».

Фляр’ян прызнаецца, што ў Беларусі яму не хапае францускіх танцаў, а таксама дыскусій на тэмы філязофіі, культуры, гісторыі, што ўласьціва ягоным суайчыньнікам.

Праз два тыдні ён вернецца ў Францыю, але абяцае наведаць Беларусь яшчэ. На радзіме хлопец плянуе вучыць французаў беларускім традыцыйным танцам, бо палюбіў іх тут. А ў Беларусь хоча вярнуцца, каб вучыць беларусаў францускім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG