Ён зможа займаць пасаду незалежнага дырэктара або намесьніка кіраўніка банку ці фінансава-крэдытнай арганізацыі.
Былы прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў прайшоў кваліфікацыйную ацэнку камісіі Нацыянальнага банку, піша Tut.by.
Рэкамэндацыі Кабякову далі былы першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі і незалежны дырэктар «Альфа-банку», былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў. Сам Мацюшэўскі, які пакінуў урад разам з Кабяковым, прайшоў камісію Нацбанку ў сярэдзіне верасьня.
Кабякоў займаў пасаду прэм’ера ад 27 сьнежня 2014 году, да таго два з паловай гады кіраваў Адміністрацыяй прэзыдэнта, займаў урадавыя пасады ад 2000 году, у тым ліку паўтара года быў міністрам эканомікі (2002–2003 гады).
У жніўні Аляксандар Лукашэнка накрычаў на чыноўнікаў, раскрытыкаваў урад, які тады ўзначальваў Кабякоў, за «пафігічнае» стаўленьне да ягоных указаньняў. Затым ён прызначыў новага прэм’ера і вярхі ўраду.