Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У старым Менску 40 гадоў таму: пуставата, бруднавата, як у Вільні. ФОТАБЛОГ


Што можна пабачыць, разьбіраючы ўласныя архівы?

Дакладна гэта быў 1977 год. Увосені я набыў сабе люстэркавы фотаапарат «Зэніт» і выправіўся здымаць стары Менск. Горад быў пуставаты, бруднаваты, але месцамі здавалася, што ты трапіў у такую самую старую Вільню.

У Верхнім горадзе мяне зь першай сустрэчы вабіла апсыда цяперашняга Катэдральнага сабору. З боку плошчы Свабоды распазнаць у ім касьцёл было немагчыма, так яго перабудавалі. Зрэшты і мясьцілася там фізкультурнае таварыства «Спартак». А вось з двара, дзе нічога не мянялася… Эпічныя формы ўражваюць, праўда?

На самім пляцы Волі да папулярнай установы «Ясень», якую ніхто б тады не назваў «пабам», зьбіраліся аматары піва, незалежна ад прафэсіі, у тым ліку, як вы бачыце, і «мянты», якіх тады таксама ніхто так не называў, і пры зьяўленьні якіх ніхто ня стойваўся. Міліцыі тады звычайныя людзі не баяліся. Гэта была зусім іншая міліцыя. Тагачаснаму міністру Клімаўскому і ў галаву не прыйшло б надзець форму НКВД. Між іншым, праз год, калі ён памрэ, яго ўрачыста павязуць хаваць проста зь ягонага міністэрства па праспэкце пры вялікай колькасьці народу. Я тады, вярнуўшыся з пахаваньня, напішу верш «На сьмерць міністра».

Глядзіце, які шыкоўны паркан проста на пляцы Волі. Цяпер тут самая дарагая ў Менску паркоўка — 5 рублёў за гадзіну.

Я іду па старым горадзе сорак гадоў таму і адначасова ўключаюся ў папулярную сярод менчукоў фэйсбучную гульню: адгадай вуліцу!

Сапраўды ж, ня вельмі чыста. Не параўнаць зь цяперашнім вылізаным мэгаполісам. Хоць, падазраю, што чыстыя менскія вуліцы — зусім ня частка сёньняшняй гарадзкой ідэнтычнасьці. Варта зазірнуць туды, куды не даходзяць рукі арміі ў аранжавых камізэльках. Напрыклад, на канцавыя прыпынкі гарадзкога транспарту…

І сапраўды пуставата. Хоць паводле насельніцтва (1 мільён 200 тысяч) горад супастаўны зь сёньняшнім, і ўжо забітая першая паля Менскага мэтро.

І сапраўды як у Вільні. Мяркую, што шпацыраваў і фоткаў я акурат у той паваротны момант гісторыі, калі Менск канчаткова разрываў сваю крэўную сувязь са старой сталіцай. Цэнтральнай падзеяй стала зьнішчэньне Нямігі — калярытнага раёну крывых вузкіх вулачак. Нямігі больш няма. Праўда, і новыя будынкі на яе месцы яшчэ не зьявіліся. Дом Мусінскага зьявіцца тут амаль празь пятнаццаць гадоў.

Мэнтальна людзі яшчэ ня звыкліся з новым праспэктам на месцы старой Нямігі і пераходзяць вуліцу дзе хто хоча.

Такі ракурс сёньня дакладна немагчымы.

На разьвітаньне — дзьве панарамы. Так выглядаў аўтэнтычны Верхні горад.

А так выглядала аўтэнтычнае Траецкае прадмесьце. Колькі было крытыкі ў часе ягонай рэканструкцыі, а паглядзіш — быццам не асабліва што і зьмянілася. Дому Чыжа, праўда, няма. Але гэта зусім іншая гісторыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG